Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 87 —


Там, дзе ступіць нагой — траўка-хохлік зірне,
Там на сонца ўгару гляне кветка;
Там, дзе гіне свой зрок — яркі сьвет мільгане,
І праменяцца шчасьцем палеткі.

18. ПЛОЙМЫ ЗДАНЬНЯЎ ПАНУЮЦЬ НАД ПАЛЕСЬСЕМ.

То ня сны-туманы, ня імгла аблягла
Густым невадам пушчы, даліны, —
Гэта ўздоўжку ў шыр-даль зданьняў цьма наплыла,
Як паводка, ў Палесьсе-краіну.

Крычыць мшалы Лясун «го-го-го!» у бары, —
Ён лясны гаспадар ганаровы;
У кароне з гальля, ў сьвітцы з цёмнай кары
Ён сядзіць на пасадзе дубовым.

Хопіць-топіць людзей у вадзе Вадзянік,
Хор русалак там ладзіць ігрышчы.
У хаціне жыве стары дзед Дамавік,
Злы Гуменьнік жыве на гумнішчы.

За пячуркай старой каты-Злыдні сядзяць
І трывожаць людзей беспрастанку.
Шлюць-завуць на людзей дзіка-смаглую раць
Трасавіц, злых Мароў, Ліхаманкаў.

Ой, страхоцьцяў зашмат мае наш паляшук,
Шмат пякельных, агідных прывабаў.
Ў старых пустках гудзіць адзінокі Кадук,
На гародах — Жалезная баба.

Зух-Паляруш імчыць звар’яцелым віхром,
Ён вясковых калечыць і бэсьціць.
Саранчою вісяць над забытым сялом
Беды розныя, розная нечысьць.

А на крушні сядзіць у тумане ў расе
Краска-дзеўчынка голая — Доля;
Яе грудкі вужак цёнгля смокча-сасе,
Плача бедная ў чыстым у полі.