Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 86 —


Мчыць мяцеліца ўдаль, завіруха круць-верць,
Ваўкі выюць на сівых курганах.
Вужы-косы скубе адзічэлая Сьмерць,
Пакідае сьляды на палянах.

Чорт марозіць людзей, губіць-душыць іх шмат,
Ён пякельную злосьць спаганяе.
Людзі гінуць усюль — каля сёл, каля хат,
Ім усюды — магіла нямая.

Толькі літасьціў Бог, — прысылае Вясну;
Сонца грэе, сьнег тае і нікне.
Прабуджаецца сьвет ад зімовага сну,
Нечысьць корчыцца, з стаху ня пікне.

Зноў балота-дрыгва пад бурлівай вадой,
Плывуць крыгі, мільгаюць, бы качкі,
Пні, карчы і кусты па вадзе грамадой,
Аж скрыпяць, ая дымяць ад гарачкі.

Паляшук па чаўне не баіцца плысьці —
Яму ўсюды дарожанька вольна.
Ці ня хоча ён лёс, долю-шчасьце знайсьці
На прасторы празрыстым, прывольным?

Думу думае ён, штось сьпявае ў душы,
Бы дуда у грудзех, а ня сэрца.
Адчыняе сакрэт, скарб Палескай глушы,
Нібы піша яго на паперцы.

Лета песьні пяе у вянку з васількоў
І стаіць на шаўку, аксаміту;
А гарсэцік яе — з залатых каласоў,
Саматканка-хвартух — з сінь-блакіту.

Сьлепіць шыйку яе росных пацёркаў жмут
З буйных ягад, чырвоных, як золак;
Песьціць грудкі яе абручок-баламут, —
Паясок з сяміцьветных вясёлак.