Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 85 —


Жыта жнуць і пяюць, урадзіла зямля,
Жняём ладзіць дажынкі араты.
Рэчка грае, бурліць; мёдам пахне ральля,
Сонца, грэе вясковыя хаты.

Хаты лезуць у лес ўсё глыбей і глыбей,
Лясуна і нячысьціка грабяць.
Лясун стогне — лясы ўсё радзей і радзей,
А балота людзей вельмі вабіць.

Высыхае яно. Чорт сунуў аж да дна,
Бо людзей пачынае баяцца.
Чорта сполах бярэ. Страшыць сіла адна —
Гарапашная, шчырая праца.

17. ВОСЕНЬ, ЗІМА, ВЯСНА І ЛЕТА.

З шчылін бору ў вакно Восень пільна глядзіць
Шэрым бельмам сьлязьлівым, балючым.
Лес шуміць і дрыжыць, і зьвініць, і гудзіць
Жоўтым лісьцем шуршавым, дрыжучым.

Ўсё Палесьсе тады у туманістых мглох,
У вільготнай і сьлізкай апратцы.
Хтось брыдзе па дрыгве у парваных лапцёх
Па зыбучай патрэсканай кладцы.

А па Восені ўсьлед надыходзіць Зіма,
У сьнежным вэльме вандруе па лесе;
Сьцеле-беліць абшар, проста месца няма,
Дзе схавацца тады на Палесьсі…

Ўсюды нечысьць кішыць і таўчэцца круцель,
Спрэсу гурбай сялібы заносіць.
Нібы ў млыне страшным, трэцца-меліцца бель,
Вея ў трасцы трасецца, галосіць.

Гэта чорт выдае замуж дочку сваю
За брыду-ведзьмака-ваўкалака;
На балоце йдзе баль, ладзіць нечысьць гульню,
З мерцьвякоў гасьцём смажыць прысмакі.