Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 84 —


«Ой, пусьцеце мяне; я вам шчасьце нясу,
Векавечнае шчасьце такое…
Я вам радасьць даю, нібы божу расу,
Ой, пусьцеце-ж у хаты затое!»

«Таго шчасьця няма ў ратаёў пры жыцьці, —
Яго мае кароль і нявольнік;
Яго можа багаты і бедны знайсьці,
Слаўны пан і палескі бяздольнік.»

«Гэта сьмерць, гэта сьмерць…» — кажуць людзі кругом,
«Адыйдзі-жа! акыш! мы ня хочам!»
А паморак стаіць, як той цень над агнём,
Вокам зіркае, штосьці шапоча.

Расплятаюць тады бабы косы свае
І скідаюць апраткі да гола;
Грамада голых баб шумна песьні пяе,
Аб’яжджае сахой вакол сёлаў.

І равок-баразна мае моц, як ніхто, —
Сьмерць яго не пяройдзе ніколі.
Дзед-Паморак злуе, ажна плакаць гатоў,
Ходзіць-бродзіць па чыстым па полі.

16. ПАЛЯШУК ПЛЯЖЫЦЬ ЛЕС І ВЫКАРЧЫВАЕ БАЛОТА.

Шуміць бор векавы. Лясун гойкае — страх.
Ён тут пан-уладар сярод пушчы.
Паляшук пляжыць лес. Стук і стук, трах і трах,
Толькі пошчакі граюць у гушчы.

Кружыць чорт секача. Не баіцца мужык, —
Дзераўлякі ён лысіць сякеркай;
Не заблудзіцца ён, бо да лесу прывык,
Як да сьвіткі сваёй, да магеркі.

Валіць хвою і дуб, для будоўлі кладзе,
Чысьціць лапікла, шчыра карчуе;
Сее збожжа, арэ, бараною вядзе,
І бяды за сабою ня чуе.