Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 83 —


Пусьціць дождж на зямлю, сыпне град ільдзяны,
З зачарованых горных харомаў;
Душаць кур і гусей каршуны, груганы,
Губяць збожжа страшныя заломы.

Сонца паліць-гарыць, нібы прысак—пясок,
Хоць пячы ў ім яйцо, як у печы.
Пошасьць, трасца бярэ, есьць дзяцей страшны Цмок,
Усіх поедам есьць і калеча.

15. ЯК ПАЛЯШУКІ ЗМАГАЮЦЦА 3 ПАМОРКАМ.

Людзі б’юць шаптуноў, у магілы кладуць,
Да зямлі прыбіваюць асінай. —
Ведзьмакі-мерцьвякі ня ідуць ня брыдуць
Па начох таямніцай-пуцінай.

Людзі ў пушчу ідуць з усіх сіл грамадой
Вырубаюць высокую хвою;
Рубяць крыж, валакуць да ракі талакой,
Ставяць крыж на гары за ракою.

Дзяцюкі аб той крыж брусок ясеня труць,
Губку ў міг да бруска прыкладаюць:
Загарыцца яна, агонь людзі бяруць,
Ва ўсіх хатах з яго запаляюць.

І гарыць дзень і ноч, і балуе агонь,
І пад крыжам ня зводзяць агнішча.
Дзед Паморак дрыжыць, як спалоханы конь, —
Ня пускае яго пажарышча.

Ходіць-бродзіць адзін між карчышчаў балот
Страшны дзед аднавокі, калматы;
Прэ да вёсак, да сёл, дзе вартуе народ, —
Дзед праплішчыцца думае ў хаты.

Пападзе на агонь, пападзе на ваду, —
Яго смаліць агонь, вада топіць.
Люд дрыжыць і глядзіць на Паморка-брыду,
Вочы пільна ў аго утаропіць.