Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 82 —


Бегаў чорт, узьвярнуў шыр балотных раўнін,
Нарабіў ён брады, брадзяняты;
Дзікіх выскацяў шмат, без канца азярын,
Вызяроў і кайдобін багата.

Па сягонешні дзень асталіся сьляды, —
То чартоўскія сьцежкі, пуціны;
Ні праехаць па іх, ні прайсьці нікуды
Няма як. А хто пойдзе — загіне.

Чорт засеў у глушы, з дуба бабу сьцягнуў
І зрабіў яе ведзьмаю лютай;
Ажаніўся ён з ёй і на вёскі сунуў
На нядолю людзям і пакуту.

14. АГІДНЫЯ ЎЧЫНКІ ВЕДЗЬМЫ.

Сядзіць ведзьма ў кустох, а над ёю сава
Шэрым скрыдлам плюгавым лапоча;
Крэхча жабай, дрыжыць, як жывая дрыгва, —
Ведзьма ціха замовы шапоча.

А жар-месяц глядзіць на калматы гушчар,
Нібы твар агняшчокі, чырвоны.
Ой, Палесьсе замрэ ў ланцугох ночных чар,
У сталёвых кіпцёх забабонаў.

Ваўкалакам страшным ведзьма душыць дзяцей,
Лезе чорным катом у сялібы;
Губіць спрэсу народ, муціць бедных людзей,
Кожны прэ на ражон і на хібу.

Плодзіць-родзіць чарцей, знахароў, ведзьмароў,
Паслугачак, шаптух усюль мае;
То падвеем ляціць з-пад дзікіх пустыроў
Паляшучка, вядзьмарка старая.

На людзей, на быдлё шле бяду за бядой
І бядой паганяе, бы пугай;
Замятае сьляды чараўніцкай мятлой,
Затуляе гнілою дзяругай.