Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 81 —


Тутка рады няма, сама баба пашла
Церабіці лазу, драць на лыкі;
Ўе вяроўкі з кары, супачыць прылягла, —
Дзень пагодны, лагодны, вялікі.

Прывалюхаўся чорт. «Хто тут лыкі дзярэ?
Ды на што табе, свацьця, вяроўкі?
Нашто губіш лазу?» — Чорта сполах бярэ;
Распускае кабета шнуроўкі.

«Хочаш ведаць на што? Зара я пакажу.
Стань во’ тут, каля гэтага дуба;
Я на рукі твае во’ лычок палажу!»
Баба чорта рукою галубе.

Чорт раскіс і разьмяк, анямеўшы стаіць;
Так стаяў-бы гадамі, здаецца.
Баба лашчыць яго, росным вокам блішчыць
І сьмяецца, сьмяецца, сьмяецца.

Скрампавала яго да таўшчэзных сукоў
Лычаком і вяроўкай пляцёнай;
А лазою давай лупцаваць па бакох, —
Задрыжалі чартоўскія стогны.

Чорт рвануўся раз-два, вырваў дуб векавы
І сунуў з тоўстым дрэвам наўцёкі;
Барануе зямлю, прабівае равы,
Паратунку шукае ад зьдзекаў.

Баба мае свой спрыт і так сама ня сьпіць,
Моцна села на дуб і кіруе:
— Гэй, надева! — крычыць, — гэй, направа! — крычыць. —
І лупцуе, лупцуе, лупцуе.

Толькі пошчак гудзіць; вые чорт, нібы, воўк;
Грукат-стукат чуваць паміж дрэваў.
Чорт аслаб уканцы; зубы сьцяў ён і змоўк.
Грыміць баба: «Направа! налева!»