Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 80 —


І злуе паляшук, і сякеру бярэ,
І кусты ён цярэбіць адважна.
Няма ведама скуль, на сустрэчу чорт прэ,
Секачу ён шапкуе паважна,

Чорт частуе яго з капшука тытуном, —
Паляшук гэта зельле смакуе.
Чорт ратая заве гультаём, ласуном,
З яго люлькі жартуе, шуткуе:

«Ты радзіўся, мабыць, з сваёй люлькай ў губах, —
З губ ня выпусьціш люлькі ніколі:
Ты прывык да яе, цёнгля дыміш, аж страх,
Душыш дымам гаркім сваю долю».

«Загарыцца твой кут, — няма як ратаваць, —
Насагрэйкай сваёй ты заняты.
Прыдзе Сьмерць па душу — няма як паміраць, —
Тытуну йшчэ асталась багата».

«За жыцьцё тытуну спаліш ты цэлы стог,
На той сьвет ты паедзеш вандзонкай;
Гібель бочак віна выпівай, каб ня ссох,
Каб лілася, як рэчка, гамонка.»

І хвастом ляснуў чорт — з-пад лазы гоц і гоц —
Скача, пляшка за пляшкай сівухі;
Паляшук п’е на гвалт, паляшук п’е на моц,
Абліваецца чортавай юхай.

«Кінь лаву церабіць — кажа чорт, — лепш дуду
Прынясі ды зайграй мне вясельле.»
І пашоў паляшук па дуду на бяду
І ад бабы дастаў на пахмельле.

13. ЯК ПАРАБІЛІСЯ ЧАРТОЎСКІЯ ДАРОГІ І ЯК
ПАЛЯШУЧКА ЗРАБІЛАСЯ ВЕДЗЬМАЙ.

Жонка б’е мужыка той чартоўскай лазой,
Паляшук нешта сп’яну бармоча.
Чорт вясёлы глядзіць, круць і верць галавой
І віляе хвастом і рагоча.