Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 79 —


Ня дыміцца туман — курыць люльку сваю
Вінакур-вадзянік сярод ночы.
Нечысьць вабіць людзей, нечысьць ладзіць гульню,
Дым туманіць у самыя вочы.

Паляшук моцна п’ян; скача, песьні пяе,
Лье у глотку нячысьцікаў трунак;
Ломіць-крышыць усё, бацьку роднага б’е, —
Дзеці клічуць людзей на ратунак.

Як за клямку з дзьвярэй, цягне чорт за язык —
Паляшук нешта брыдка гавора;
Ён хрыпіць, як вапрук, ён раве, як той бык —
Па калена яму тады мора.

Працу кіне зусім, голад вострыць свой зуб,
Гніе хата і дохне скаціна, —
Прападзе паляшук. Гэта чорт-душагуб
Яго зьверне з праўдзівай пуціны.

12. ЧОРТАВА ЛАЗА АБХАПІЛА ПАЛЕСЬСЕ.ШТО
З ГЭТАГА ВЫШЛА.

Урадзіла лаза. Нясе ліха з сабой,
Перашла ад балота на поле, —
Проста рады няма, стаіць дзікай сьцяной, —
Паляшук праклінае лёс-долю.

Тут агледзіўся Бог: цэлы край прападзе
Пад чартоўскай пляцёнкай-заховай;
То-ж Палесьсе, як дзед, барадой абрасьце
Кучаравай, калючай, лазовай.

Давай сонцам пячы, давай парыць ваду —
Яшчэ болей расьце, вырастае.
І мароз Бог паслаў на лазу, на брыду, —
А лаза не баіцца, ня дбае.

Зноў бярэцца яна на вясну, як вязель,
Заглушае лугі і паляны;
Лезе ў вочы і ў твар, як дакучлівы чмель,
Сваёй лапай чартоўскай паганай.