Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 78 —


Чорт нарэшце за корч зачапіўся, рыгнуў —
З жывата ўсё насеньне рванула;
Забурчала, аж бор у далі ўздрыгануў,
Аж сава дзікі сьпеў зацягнула.

Апаганіўся ўвесь чысты водны прастор,
Стаў ён чортавым вечным балотам:
Там пашлі панаваць страхацьцё, сьмертны мор,
І начніца і цмок пад чаротам.

Чарцяняты кішаць, нібы вар у катле,
Іх гадуе там чортава матка;
Паратунку няма ад іх проста нігдзе, —
Прыстаюць да лапцёў, да апраткі.

Як замуцяць народ, як пачнуць штось шаптаць,
Хто паверыць ім — пэўна загіне;
Напсуюць шмат людзей, хоць гаці іх на гаць, —
Нечысьць строіць пякельныя кпіны.

11. ЧОРТ ВАРЫЦЬ СІВУХУ НА ЗАГУБУ ПАЛЯШУКУ.

То ня вецер гудзіць, ня шуміць сухавей,
То ня гойдаюць злыя віхуры;
То над борам ня мчыць чарадзейны цар-зьмей,
То ня ладзяцца плачы-хаўтуры.

Гэта ў медных катлох між зачумленых вод
Вадзянік варыць жыжу-атруту;
Там і хмель, і палынь, і пякельны смурод —
Для людзей на лайдацтва, пакуту.

Многа бочак стаіць між балотных карчоў,
Іх пільнуюць-вартуюць вужакі:
Жыжа пенай бурліць, блішчыць соткай вачоў.
Ой, шалёныя будуць прысмакі!

І гартуецца моц, і сталюецца крэп,
І пячэ агнём, плягай пякельнай:
Голаў круціць, бы ўюн, і малоціць, як цэп,
Глузд туманіць бамбэнкам вясельным.