Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 77 —


Думка рэчкай плыве ў заварожаны круг, —
Угару да зарыз-араніцы,
І вяртаецца стуль, як расіца на луг,
Нібы кропля да роднай крыніцы.

10. ЯК ЧОРТ СТВАРЫЎ БАЛОТА.

Чорта гне у дугу, бельмы лезуць на лоб,
Ў жываце забурчала занадта;
Бы атруту глынуў, бы глынуў горкі боб —
То зашкодзілі Божы зярняты.

Ён крычыць на жывот, бо пачала расьці
Раптам чэрава ў стог вялічэзны,
Расьпірае бакі, ні сапсьці, ні храпсьці, —
Распучыўся ў гару ваўкарэзны.

І пачаў ён бляваць, мэкаць, нібы каза, —
То вылазіць крадзёнае бокам;
Там, дзе плюне — расьце гнілы корч і лаза,
І ракіта і дзіч ненарокам.

Чорт снуе, як павук; выпірае аж дух.
Палюе, хракае серкай, крывёю;
Ён паганіць ваду цэлай кучай рапух,
Рабакамі і дзікай травою.

Яму моташна-страх, аж хвастом лясь і лясь,
Дзе рыгне — камары, аваднішчы;
З губы купіны пруць — скок і скок, плясь і плясь,
Чорт паскудзіць ваду, брудам нішчыць.

Ад натугі язык целяпаецца ўздоўж,
І тырчыць, нібы шост сукаваты.
Ўвесь запеніўся чорт: ён сьлізкі, як той смоўж,
А плюецца, плюецца рагаты.

Там, дзе плюне, — багно і рудаўка, трава,
Тхлань трасецца, лапоча, дрыгоча;
Чадзіць голаў багун, сасе п’яўкай дрыгва,
То паморак, то трасца якоча.