Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 76 —


Бог маўчаў — яму што? Кончыў працу. Назад
Па вяроўцы ўскарабкаўся ў неба.
На аблоках ляжыць. Спачывае, і рад,
Што нацацкаўся болей, чым трэба.

9. ПАЛЯШУК ГРАЕ НА ДУДЗЕ.

Кінуў з неба дуду на зямлю Бог ўніз,
Паляшук ад яе слодыч мае.
Скача поле і лес, скача зьвер сярод хмыз,
Як ратай на дудзе заіграе.

І дабрэе злы воўк; ён глядзіць, бы ягнё,
І ківае ў лад-тахт галавою.
Нібы рой галубкоў, замаўчыць груганьнё
І нясецца над мягкай ральлёю.

Ня кусае вужак; ён зьвярнуўся клубком,
Заварожаны слухае граньне.
Хоць у рукі бяры, перазайся вужом, —
На цябе, як анёл той, ён гляне.

Паляшук на дудзе пасьля працы цяжкой
Грае цэламу сьвету на дзіва.
Адыходзіць, як цень, жальба з цяжкай журбой,
На душы бы хто мажа алівай.

Плывуць гукі ў прастор, нібы птушкі нябёс,
Разлягаюцца пошчакам дробным.
Рады краскі, трава; ў сьвітках — кропельках рос —
Апранаюцца пышна, аздобна.

І журчыць ручаёк, байку-казку пляце,
Дудару вельмі шчыра уторыць, —
Во’ ад чараў дуды ўся зямля запяе,
Зараз камень нямы загаворыць…

Ой, на свеце няма ні мацней, ні пякней
Зычнай песьні і простай і шчырай;
Паляшук нават сьмерць забывае пры ёй,
Яго сэрца пускаецца ў вырай.