Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 75 —


Грае Бог на дудзе і плыве песьня-гук,
Бог насеньне вакол раскідае.
На паляне стаіць, нібы дуб, паляшук,
Першы раз Божы сьвет аглядае.

Выкрасае агонь, дыміць люльку ўзасос,
І магерку кідае на камень;
Зірк туды і сюды — уваходзіць у стос,
Бурчыць: «Хату збудую тут. Аман!»

Шмат клапот, шмат турбот, паляшук, будзеш мець
Ты глядзі, ня спудлуй, а трымайся!
Прападзеш, як разок заваронішся ледзь,
Над сабой пастыром быць старайся.

Дзеі-думкі твае — гэта стада гаўяд
На даліне абшырнай жыцьцёвай.
Пуга-цямлівасьць іх хай бароніць ад здрад,
Няхай рупнасьць трымае ў захове,

Станеш пасьвіць як сьлед — будзеш сыты і сам,
Пачне Доля па нітцы скакаці;
Загультуеш — карысьць будзе злыбедам-псам, —
Загрызуць цябе ў полі і ў хаце,

8. ЧОРТ УКРАЎ У БОГА НАСЕНЬНЕ, А БОГ НІБЫ-ТО
НЯ ПРЫКМЕЦІЎ.

Бог плыве на чаўне, а тымчасам злы чорт
Круць і верць вакол Божае вабы.
Чорт з рагамі, з хвастом і худы, як той хорт,
Чорт — гідкі і сьлізкі, нібы жаба.

Нібы ўюн, туд і сюд вакол Бога шальмец,
На насеньне ён сьлюнкі пускае;
Трэ аб човен бакі, дасьць пад човен нурэц,
Дразьніць Бога, як малпа дурная.

Раптам лапу тыц-мыц, цапнуў жменю дабра,
Проста з рук вырваў Божых чарцюга.
Ён насеньне глынуў і паплыў, як мара,
Рагатаў жарабцом лайдацюга.