Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 74 —


«Вось насеньне — дабро, любата, пекната?
Гэтым сьвет тут засеяці трэба!
Тут хай будзе лясок, там — трава-асата,
А далей — чарназемная глеба».

Бог плыве на чаўне ды мяркуе туд-сюд,
Нібы добры ратай гаспадарны;
Сыпне жменю дабра — і расьце, проста цуд,
Пушча-лес, нібы сад вялізарны.

Вада шчыліцца — ў міг выступае гаёк,
А за гаем — лугі, сенажаці.
Зелянеюць палі і шуміць каласок,
Ажыла ўся зямеліца-маці.

Выступаюць ушыр, разьлягаюцца ўдаль
Лугі, пожні, даліны і ўзгоркі.
Кветкі граюць, блішчаць, зелень ладзіць свой баль,
Мігаціцца раса, нібы зоркі.

Прамяністым агнём сонца грэе зямлю,
Аздабляе луг сьвежы і сочны.
Цяплыня… Хоць дзіцё палажы на ральлю,
Дык пачне тут расьці відавочна.

. ІГРАЮЧЫ НА ДУДЗЕ, БОГ СТВАРЫЎ ПТУШАК, ЗЬВЯРОЎ
І ПЕРШАГА ПАЛЯШУКА.

Ой, пачатку няма, ой, канца ня відаць
Шчыр-красе агняцьветаў і хварбаў.
Вось, давай на дудзе Бог іграць ды іграць —
І зьявіліся новыя скарбы:

Замільгаў матылёк, зашумела пчала,
Зух-стрыгунчык між травак туркоча.
І зязюля пяе, кволы гук завяла,
Громка болбатка ў лесе балбоча.

Грае Бог на дудзе. Лось выходзіць на лог
З лагавішчаў дрымучага бору;
Тур лагодна глядзіць на атару ў палёх,
Што пасецца на вольным прасторы.