Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 73 —


Край той сьпіць, як стары занядужаны дзед
За цямнюткай за курнай пячуркай,
А над краем відаць сьветлы, зорачны сьлед,
Пазахован пад шэраю хмуркай.

Ой, каб быў там пясьняр, сівабровы дудар
У забытай, загнанай старонцы, —
Ён падняў-бы людзей, разварухаў-б абшар
І паклікаў-бы ў госьці да сонца!

Скарб багаты ў зямлі захаваны ляжыць,
Сіла брызгае сьветлай крыніцай.
І прачнецца той край, будзе вечна ён жыць,
Закрасуе зарой-зараніцай.

Самаграйка дуда лятуцела ўва сьне,
На Русь Белую думкай шыбала.
І дуда сьніла сон аб сваёй старане,
Дудара беларуса чакала.

6. ЯК БОГ СТВАРЫЎ ПАЛЕСЬСЕ.

Вось уздумаў Пан Бог край Палесьсе стварыць
І людзей і жывёлін і птухаў;
І вяроўку пачаў Ён з праменьчыкаў віць,
І сівую патыліцу чухаў.

Па вяроўцы з нябёс апусьціўся ў ваду, —
Бог — вялікі штукар на ўсе рукі;
Захапіў Ён з сабой самаграйку-дуду, —
Маюць сілу вялікую гукі.

Ледзь падумаў загад — крышталёвы чаўнок,
Як цудоўны мянтуз, павазаўся.
І сявалка ў чаўне, Ў той сявалцы камок,
Як шаўковы клубок разьвязаўся.

Разьвязаўся клубок: дыямэнтавы мак
Заіскравіў, напоўніў сявалку.
Бог бярэ на вагу, Бог прабуе на смак,
Такіх зерняў ня еў Ён і змалку.