Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 72 —


Нібы птушкі ў гнязьдзе, спалі гукі дуды,
Іх ніхто ня будзіў наракола
Так плылі, так ішлі за гадамі гады,
Бы з вясёлак адвечнае кола.

З валакністых агнёў ткала даль паясы,
Аздабляла ў нябёсныя краскі;
З яркіх зорак-вачэй ткала даль абрусы,
Дуда спала пад сонечнай ласкай.

4. ПЕРШЫ СОН ДУДЫ.

Вось дуда сьніла сон, заварожаны сон:
Матылькамі кружыліся зыкі.
Абляцеў белы сьвет дзіўны тон, вешчы тон
Пад рукамі сівога музыкі.

Сьпеў імкнуў на абшар лебядзіным пуцём,
Дудар граў і сьпяваў гымны-песьні.
Бачыў хаткі сялян, бачыў панскі харом,
Вольны сьвет дудару быў за цесны.

Сьлёзы ў ясных вачох зьялі сьветлай расой,
Акраплялі ратайскія грудзі.
Людзі шлі на агонь. Людзі рынулі ў бой,
Згадаваныя песьнямі людзі.

Нібы хвалі плылі, бы рвануўся сыр-бор,
Грамада шла, гуляла, сьпявала.
І глядзела ўгару на нябёсны прастор,
І надхненьне ў вачох красавала.

Колькі моцы было ў родных песьнях людзей,
Радасьць брызгала сьветлай навалай.
Гукі шчасьця расьлі з гарапашных грудзей,
Зычным выраем песьня лунала.

5. ДРУГІ СОН ДУДЫ.

Вось дуда сьніла сон: Абяздолены край
Між балот і лясоў дрэмле ціха.
Па лугох і палёх жабраком ходзіць Бай,
Па шнурох мчыцца Злыбеда-Ліха.