Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 71 —


Неба ў люстры вады аж на самае дно,
На бурштын апускалася чысты,
І дрыжала яно, і блішчала яно
Пэрлямутравай плахтай іскрыстай.

І блакіт расьцьвітаў да нябёс ад вады
Абрусом-палатном з павуціны
На блакіце — блакіт. За гадамі гады
Гэтак шлі векавечнай пуцінай.

Ветрык хмаркі ганяў, ветрык зыбаў віры,
Цішыню лёгкім шэптам трывожыў;
Калыхаў ціш вякоў ад пары да пары,
Бы дзіцё сваё песьціў і гожыў.

Стыгла маць-Цішыня. Ні людзей, ні зьвяроў,
Ні драўлякаў, ні траў, ні зямліцы…
Вадзяніцаю Цьма з-пад шкляных пустыроў
Выхадзіла на ўзьверх падзівіцца.

Быў нямы Божы сьвет, нібы камень-скала,
Быў нямы даль-абшар над вадою;
Цішыня, як мара, вандравала, плыла.
Шлі тады так капа за капою…

3. БОГ, ЧОРТ І ДУДА.

Ў алатырных палёх Бог на небе сядзеў,
Галубіную кнігу чытаў Ён.
З глыбі вод угару злы нячысьцік глядзеў,
І зьмяіную кнігу трымаў ён.

Ў белай кнізе сьвятой было мудрасьцяў шмат
Аб дабры векавечным, аб долі.
Ў чорнай кнізе страшной было жудасьцяў шмат
Аб сьмяротных грахох, аб нядолі.

Паміж небам-зямлёй самаграйка-дуда
На грудзёх дзеда-Сонца вісела.
Побач ціха плыла сьветлых хмар грамада,
Побач зьяньне блакітнае млела.