Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 43 —


Там, дзе медны подых неба
Скамяніў лугі і глебу,
Траўку, пень;
Там, дзе праца аратая
Зьнікла, быццам мара тая,
Нібы цень;

Там загула Галадуха касьцістая,
Смаглая, гідкая, дзікая, мглістая;
Меле клыкамі атручанымі;
Косіць людзей яна голадам, морамі.
Кідае косьці вятрамі-віхорамі,
Ловіць іх пальцамі скручанымі.

Вые над вёскамі шэрай ваўчыхаю,
Сполах вісіць над гасподаю ціхаю,
Сьмерць гудзе над абяздоленымі.
Дзеткі малыя, старыя бабулечкі
Стогнуць, канаюць над беднай хатулечкай.
Горам яны заняволеныя.

Тысячы… тысячы… — трудна знаць лік, —
Кормяцца глінай, карой.
Тысячы… тысячы…
Пухнуць ад голаду. Сохне язык.
Скіданы трупы гарой.
Тысячы… тысячы…

Жудасьць пануе па ўсіх берагох
Волгі магутнай.
Душыць пагібель, бы каменны бог,
Вее пакутай.
Сее нядоля атруты свае
Макам агнёвым;
Песьні шалёныя гулка пяе
Гукам сталёвым.

Носяцца, носяцца чорныя духі,
Чорныя сілы.
Падаюць, падаюць людзі, як мухі —
Ўсюды магілы…