Першы кур пяе. Паўночная гадзіна…
Маўклівы, чорны кот праз мой пакой бяжыць. Жудасьць. сьмерць і страх плятуцца павуцінай.
Зданьнё вядзе свой сьпеў, зданьнё, як ліст, дрыжыць…
Сэрца ў цішыне таёмнасьцяў чакае…
Груган шуміць аб шкло. Груган — мой родны брат.
Ноч маўчыць, як цень, трывожная такая…
О, буду я ў крыві купацца, бо я — кат!
Бацька мой і дзед былі так сама каты;
У спадчыну яны сякеру далі мне.
Над людзьмі твару я гібелі і страты,
Нарэзаў шмат галоў бунтарскіх у турме.
Кур другі пяе… Як госьць магільны, б’ецца,
Груган аб шкло вакна. Сякера круць і верць
На каменнай сьцяне; у рукі мае рвецца,
Бо рэзаць хоча ўсіх, усюды тварыць сьмерць.
Даўную іржу гарачаю крывёю
Я выцерці хачу цяпер на новы лад.
Сякера круць і рвець — ня мае супакою
І вастрынёй зіхціць. — Ёй будзе працы шмат.
У крывавы цьвет я апранусь з ахвотай;
Ахвярамі людзей бясконца я багат.
Гэй, рыхтуйся, друг-сякера, да работы!
Вось трэці кур пяе. Я — кат! Я — мсьцівы кат!
1915 г.
ГАМ…
Там, дзе нівы, дзе абшары,
Сухавеі і пажары
Абляглі;
Там, дзе суш спаліла збожжа,
Дзе імчыцца дух варожы —
Па зямлі;