Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 34 —


І кашляе пушча,
Ад сьцюжы хрыпіць,
І дрэва па дрэву
Іграе, скрыпіць.

І звон нейкі звоніць,
Гудзіць нейкі гул;
На сьнежным прытулу
Брыдзе няпрытул.

Штось мелецца ў лесе,
Між жорнаў на мак;
Малоціцца нешта,
Дрыгочыць таптак.

А бліскі сьняжынак
Варожаць абшар,
Бы кветкі шчакочуць
І вочы і твар.

Ты — шэрая кропка
На шлюбе віхроў,
Ты — нутлая плямка,
Сярод пустыроў.

Па зімніку белым
Ў агне завірух
Брыдзеш адзінокі,
І стыгне твой дух…

1922 г.

|}


ПЕСЬНЯ.

Як-бы плача хто ў лагчыне,
Як-бы жаласна пяе, —
То малодую дзяўчыну
Бацька замуж выдае.

Муж багат, але нямілы:
Ён калека і стары.
Дзеўка плача, траціць сілы
Без карысьці, без пары.