Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 33 —


Глядзі, не засьні тут —
Засьнеш наўсягды,
Бяз гэтага досіць
На сьвеце бяды.

Карысьці ад сьмерці
Тваёй нікаму,
А мо’ толькі ветру
Балот аднаму.

Пачне ён галёкаць,
Як воўк той, брысьці, —
Пацеха і радасьць
У дзікім выцьці.

Туманяцца далі,
Іскравіцца бель,
Надходзіць з імшары
Віхура-круцель.

У белай спадніцы
Імглы ільдзяной.
Хрыпіць і галосіць
Шалёнай ганьнёй.

Віхура кудзелю
На соснах прадзе,
Сівою мяцёлкай
Паляны мяце.

І пыліць, і трусіць,
І сее муку;
Качаецца, стогне,
Ляжыць на баку.

На сумных пустэчах
Пячэ пірагі, —
Вялікія булкі,
Як горы-стагі.