Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 32 —


І сьнег на галінах,
Як сала, як сыр.
Бы йдзе ў пуць-дарогу
Асілак-пастыр.

Ідзе ён, ідзе ён, —
На месцы стаіць.
Лес, стоячы, дрэмле,
Аб леце сны сьніць.

А ціш… Аж страхоцьце
Балюе ў цішы;
Ні птушак у лесе,
Нідзе ні душы.

І сьпяць таямніцы.
У прухкай труне:
Да лета схавалісь
У рэчцы на дне.

А рэчка пад лёдам
Свая — не свая.
Чужыя ёй хвоі,
Чужая зямля.

Плынь рэчкі ня кіне
Імпэтна, цябе, —
Ідзі, як па мосьце,
Па гладзі яе.

Направа, налева,
Таўчэцца крышталь.
Нябёсы з зямлёю
Сшывае шыр-даль;

Сшывае іголкай
У торбу адну,
Наводзіць дрымоту
І кліча да сну.