Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— 31 —


Завалены сьнегам
Абшары балот.
На белых разлогах
Лаза, нібы дрот.

Альшэўнік бяз лісьцяў
Задумны такі;
Галіны, як жылы,
Плятуцца ў кручкі.

Блішчыць палітура,
Па гладзі зямлі.
І гурбы-мядзьведзі
Шыр-даль абляглі.

Замёрзла зыбуха,
Застыгла дрыгва.
Прытоптаны к нізу
Чарот і трава.

Сярод азярынаў
На коўдрах сьнягоў
Праложаны трэлі
Да белых стагоў.

І трэлі плятуцца
Туды і сюды,
І хочуць схавацца,
Ад белай жуды.

Няма дзе схавацца,
Мароз аж пячэ.
Ён голаў аб хвоі,
Бы камень, таўчэ.

І хвоі ў магерках
Пуховых дрыжаць.
Ваўняныя сьвіткі
На карках ляжаць.