Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 11 —

НА ПРАДВЕСЬНІ.

Аздобіў Сакавік у златаблеск даліны,
Быў чысты, нібы шкло, абшар-прастор нябёс.
Сінь-даль адзела туль з сярэбранай тканіны,
Здалёку цёмны бор вяршалінамі трос.

Крахтаў лядок — па ім ішоў Ярыла ціха,
На зімніку старым ляглі яго сьляды.
Над ім лунаў прамень агнёваю арліхай,
За ім ішлі-брылі прыслужнікі-Дзяды.

Іх постаці расьлі, як дрэвы дзікай гушчы,
Трымалі на руках адвечную Вясну.
Чуваць быў лёгкі шум: шло набажэнства ў пушчы,
І патаемны звон будзіў зямлю ад сну.

На кожным дрэве-пні мігцелася бажніца,
Хаваў яе ад воч рухлівы аганёк.
Пад кожным дрэвам-пнём сьвяцілася крыніца.
Ляжаў на ёй бруском бруштынавы лядок.

Карчы плялісь вакол, цямнелі, як мурыны,
Як дзікая ганьня няведамых зьвяроў.
Блішчэлі, як крышталь, пад лёдам азярыны,
Туманілася ціш над каркам пустыроў.

Сьцяжарні тут і там на ўзгорках лугавінаў,
Як дзіды, тырк і тырк у ціхі карагод.
На лёдзе між кусткоў ірдзелісь журавіны,
Бы кропелькі крыві на чыстым люстры вод.

Увосені да іх пад невадам туману
Не дапушчаў дзяўчат багністы страх балот.
Як той закляты скарб, былі яны схаваны
Ад воч і рук людзкіх на ўвесь зімні пралёт.

Празрысты быў лядок, як з павуціны сетка,
Багно было пад ім відочна ў цішыне.
Пад жылістай лазой, дзе вадзяныя кветкі,
Русалка ў глыбі вод хавалася на дне.