Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 10 —


Па шнурох-пустырох,
Па зьдзічэлых палёх
Буду глебу раўняць,
Буду поле араць.
Шыр запахне ральлёй,
Жыватворчай зямлёй.

Там, дзе страхі былі,
Дзе гарматы раўлі,
Там, дзе сьмерці садом
Папяліўся агнём,
Дзе дымілась расой,
Чалавечай крывёй
Пад стагнаньнем зямля, —
Пойдзе праца мая.

Што прайшло, то — нішто,
Я ўзмацнею ў раз сто,
Загрыміць, закіпіць,
Загудзіць, зашуміць,
Загарыцца ў грудзёх,
Заіскрыцца ў вачох.
Устрахну галавой,
Узмахну я рукой,
Запяю з зор да зор
На бязьмежны прастор.

З неба сонца зірне;
Як дыван, рунь блісьне,
Заблішчыць васілёк,
Задыміць каласок,
На зажынках — гульня,
На дажынках — гульня.
Будзе піва і мёд —
Ахмялее народ.
Шмат гадоў, многа лет
Будзе хлеб на ўвесь сьвет!

1922 г.

|}