Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 12 —


Мяцеліцы яе заштосьці пакаралі, —
Пад лёдам да вясны ёй загадалі спаць.
Іскравілісь на ёй з суніц-брусьніц каралі,
Вужаку на грудзёх прымусілі трымаць.

Як мордачкі ягнят, тырчэлі яе грудкі,
Жадалі шчыкатаць да сьмерці дзяцюкоў.
Між шоўку валасоў блішчэлі незабудкі,
Твар абвілі, бы хмель, пляцёнкамі кусткоў.

Разрэзаным грыбком былі адкрыты губкі,
А колеры на іх, як макаўкі, цьвілі.
Як брызгі малака, бялелі яе зубкі,
Між іх вуглём чарнеў малы камок зямлі.

З-пад вадзяных лілей пажоўклых і дрыжучых
Чуваць быў лёгкі шэпт, дрымотай подых-згук.
З-пад залатой лускі, з-пад бурбаўкаў бліскучых
Прыкметны былі ледзь абрысы ног і рук.

Русалка сон прарве, праб’е лядок рукою
І пойдзе расьсяваць пралескі па зямлі.
І запяе Вясна ў праменьнях над ракою,
Наладзіць шчодры баль на пухавой ральлі.

1922 г.

|}


ЛЕТНІК.

Па летніку грэбля
Вядзе да ракі.
Мільгаюць абапал
Сямейкі-кусткі.

Праменісты ветрык
Ківае, трасе
Бярозку крывую
У кашульцы, ў расе.

На купіне зыбкай
Тырчыць мухамор,
На шапцы чырвонай
Шмат беленькіх зор.