Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 123 —


Мяцеліца ймчалась па сівай пустэчы.
І брызгі ільдзяныя мглы срыбна-мутнай
Сявалісь вакола з застыўшых яе
Страшных бельмаў.

Мяцеліца ў правай руцэ
Адзічэлы трымала Мароз,
У левай руцэ шчытна Сівер
Хаваўся.

Мароз выглядаў расамахай
З агнёва-сапфірным узрокам.
Ён шэраньню сыпаў
І ляскаў клыкамі.

А Сівер меў выгляд
Жывой цёмна-сівай арліхі.
Ён дзюбам сталёвым вастрыў
Спрунжыновыя кіпці.

Ў заўлоньні Мяцеліца
Голад туліла:
То клык быў пажоўклы,
Гнілы.

І клык гэты рос,
Падымаўся у рог у аленьні.
А з рога ён вырас у дрэва,
Якое стаяла між небам
З зямлёй і труіла паветра.

У высахшай, смаглай губе.
Злой Мяцеліцы-ведзьмы
Гнязьдзілася Сьмерць.

Бясколернай параю,
Ценем бязвыглядным
Гойсала Сьмерць.

Хто дыхаў паветрам,
Атручаным Сьмерцьцю, —
Адразу канаў.