Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 114 —

І поўныя злосьці і мукі
Крывавяць і грудзі і бокі
Даугімі, страшнымі кіпцямі.

Зялёная пена з атрутных губ валіць.
Агнёвыя ўздохі аж вочы ім смаляць.
Вужачым сіпеньнем, струёю агнёвай.
Зрываюцца з вуснаў зьмяіных два словы:

«Моладасьць!
Моладасьць!»

«Мы будзем пляваць на Егову,
Мы будзем сьмяяцца з Еговы,
Мы будзем паганіць Егову!
Табе мы служыць будзем, Тамуз,
Адзін ты наш пан і цар, Тамуз,
І душы і сэрцы — Тамузу,
Ахвяры — аўтару Тамузу!
Дай нам моладасьць!
Моладасьць!»

Дзікай веяй, віхром-завірухай
Карагод ведзьмы ладзяць шалёны;
Няпрыстойны іх шпаркія рухі,
Няпрыстойны іх словы і стогны.

Вось, усюды іх многа, так многа,
Вось, нідзе іх няма тут, здаецца.
Да Тамуза, да бога нямога
Іх стагнаньне жалобай нясецца:
«Дай нам моладасьць!
Моладасьць!»

І раптам усьмешка на твары Тамуза,
Мільгнула праз сьлёзы вачэй алавяных.
То — нечысьці ўсьмешка, як быццам з прымусу —
Усьмешка начніцаў на дзікіх курганах.

Спрытней скачуць ведзьмы вакола бажышча, —
Агідныя скокі, агідна ігрышча.