Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 110 —


Крыжы залачоныя зьяюць на шоўку — ня ў сэрцы,
Для славы Магутнага сеюцца гібелі, сьмерці.
Ахвярам на полымях кажуць: «Канайце і верце!»

Пра катаў-зьвяроў яшчэ гымны складаюць і песьні
І вечна, пяюць, нібы жаўранкі ў раньнюю весну…
«Яшчэ мукі… йшчэ… О, ў грудзёх маіх робіцца цесна…»

І смаглыя вусны малітву бясконца шапталі.
Так шэпча расьліна ў падводнай празрыстай крышталі
Так волас шапоча, як б’ецца аб нож з вострай сталі.

Імёны тых гідасных — ў яркіх агнёх сьвятазьяньня.
Званы аб іх медныя звоняць свае заклінаньні,
І гукі купаюцца ў хвальшах, у блудах, ў абмане.

Пакуты Яму былі рэчкай у дзікай пустэчы, —
Крык шчырай душы на праступным, разьюшаным вечы,
Прамень сярод цьмы, які зрок сьлепатою калеча.

Ён — кропелька ў моры, ці сьцерпіць за мора пакуту?
Пячэ гэтак смага — то цела сьмяротнага путы;
І замест вадзіцы далі яму келіх атруты…

І скрыдлам кажанавым, скрыдлам сьлізгучым, варожым
Цалунак агіднага Юды на вуснах палаў і трывожыў.
«О, злітуйся, Літасны… Мукі яшчэ, Ойча-Божа!»

І раптам злы дух безжалоснага страху сумненьня
Аблокам закрыў сяміколерны пломень надхненьня, —
І Бог-Чалавек запытаў сам сябе ў задзіўленьні:

«Ці-ж міласьць сьвятая — адна толькі кволая мара?
Ці-ж праўда пад сонцам — адзін толькі водблеск пажару?
Ці-ж шчырасьці слова — адзін толькі водгук ў абшары?»

«Навошта, ім, Ойчанька, ў вочках радзіцца дзіцяці?
Навошта ім, Ойчанька, ў ліры шматструннай стагнаці?
Навошта ім, Ойчанька, краску лугоў цалаваці?»