Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 102 —

Знае сам пачым хунт ліха…
І чаму я так, сарока,
Ўсё маўчала, абібока,
І сынка трымала ў хаце?
Ой, дурненькая я маці!

Сябе баба шчыра лае
І «ламакай» называе,
«Качаргой крывою» кліча;
Па каравых пальцах ліча,
Йшчэ як можна называці,
Каб у крыўдзе не застацца;
Аглядае хатку-пустку
І кусае хвост ад хусткі:
— Ну і глузд у баб трухлявы.
Розум наш, дальбог, няжвавы!

Хутка баба парашыла.
Пастушку, што трэба, сшыла,
Навучыла быць паслушным,
Быць старанным, разварушным.
Павяла свайго сыночка,
Пястуночка, галубочка,
Ў той хвальварак да ратаяў.
Па гасьцінцы лядок таяў;
Быў дзянёчак вешні, сьветлы.
Грэла сонца шчыра, ветла,
Пелі птушкі зычна, міла,
Неба сэрца весяліла.
На зямлі з-пад сьнежных рамаў
Дзе-ні-дзе ляжалі плямы
Чорнай глебы, смачнай, тлустай,
Бы цямнелі хлеба лусты.
Хмельна пахла ўсюль вясною, —
Над далінай, над гарою;
Ў вышыне, ў блакітнай далі
Гучна жаўранкі сьпявалі.

Завяла сыночка матка
У дом-палац бялюткі, гладкі.