Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 103 —

Мужыкі яго прынялі
Як свайго, і загадалі
Быць у іх цяпер сьмялейшым,
Весялейшым і спрытнейшым.
У гасподзе сваю долю
Будзе мець. Няхай у полі
Акуратна пасе стадка,
Будзе мець усё ў дастатку:
Кажушочак, шапку, боты,
Будзе жыць ён без бядоты,
Будзе хлеб і будзе сала,
Будзе радасьцяў ня мала,
Як заслужыць — паліўнога
Купім коніка сівога,
Як засьвісьне — пойдуць рэхі,
Пойдзе водгул на пацехі,
Затрасецца гай хваёвы,
Будзе весела каровам.
Як па дзірках пальцам стукне,
Як задзьмухае, загукне,
Як пачне ёй сыпаць трэлі, —
Пачне ладзіць бор вясельле.
Будзеш, Янка, гаспадарыць
Ды ў сьвісьцёлку смаліць, жарыць; —
Пройдзе дзень у полі хутка,
Нібы хвілька, як мінутка.
А ваўкоў ты не баішся?
Ты глядзі — іх сьцеражыся!
Гэтых страшных ваўкалакаў
Зацкуеш сваім сабакай.
На-цю-на! Гэй, дзе ты, шэльма?
Ганаровы ты ў нас вельмі;
Будзеш з Янкам сябраваці,
Наша стадка вартаваці!
Відаць, добры хлопчык Янка.
На-цю-на! Каб це‘ маланка!

Доўга людзі жартавалі
І ўдаве ўканцы сказалі: