Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 98 —


Воддаль засланка крывая,
Пабач цэгліна старая,
Дзьве палоўкі дна ад бочкі,
Размаітыя дашчочкі.
Гэта ўсё сям’ёй разьбітай
Вокал хаткі пазабытай
Навалілася, як бура,
Як зьнямелыя хаўтуры.

Ой, ня год і ня дзесятак,
Не адна, а многа матак
Ў Ясных Крушнях вечным ходам,
Бязупынным карагодам
Сваю долю пракліналі,
Пастушкоў як гадавалі
Для багатага маёнтку,
Для дастатку і «пожондку»
Ў акрываўленай гасподзе,
Ў ганаровым панскім родзе.

Ой, ня раз у гэтай хаце
Пралівала сьлёзы маці,
Як злы цівун бяз літосьці
Бізуном ламаў ёй косьці,
Калі сына бараніла,
Калі ў двор цягалі сілай
На пакуту і на зьдзекі,
Каб зрабіць з яго калеку
На пацеху панскім дзеткам,
Пястуном і малалеткам.

Ой, ня мала сьцены гэты
Былі жудасьцю адзеты,
Як прыгожую дачушку,
Весялушку і пяюшку, —
Ўцеху парабка старога,
Мазалістага, сівога,
Папягнулі ў панскі хорам
На ганебнасьць і на сорам.