Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 6 —


А курганы, а замчышчы, званіцы,
А пустыроў сьвятая цішыня;
А гнёздаў-мест ліхтарні-зараніцы,
А вышкі гор, а рэчак глыбіня…

Усё жыве жыцьцём Дзядоў адвечных,
Тут кожны век пакінуў знак-пячаць.
Па тых знакох — па тых шляхох па млечных
Ідуць сыны свой край адбудаваць.

І край магіл, той край, дзе жыў Скарына,
Зноў парадзіў прарокаў і байцоў:
Ідуць-брыдуць, бы Нёман з месца рынуў,
Бы грамада узброеных касцоў.

Іх кліч грыміць, як зычны хор грымотаў,
Як буралом, імчыць у горны сьвет.
Дрыжыць зямля ад нізаў да высотаў,
Праменьніць даль Купальскі агняцьвет

Васкросьлі зноў багі сівых Калядаў,
Ратай ім сьпеў кідае на агонь.
Хто на аўтар падсыпне зельле здрады,
Таму ўвесь край шле жудасны праклён.

II.

Ёсьць шмат такіх, што да Цябе плячыма,
Маць-Беларусь, адвернуты стаяць,
На Ўсход, Заход халопскімі вачыма,
Як вапрукі зьдзічэлыя, глядзяць.

Грызуць яны тваіх дубраў насеньне,
Іх кпінаў гаць забрызгана гразьзёй, —
У глыб зямлі ўвайшло Тваё карэньне,
Лясы шумяць высока над Табой.

Ты зноў жывеш, бо Ты ня знала сьмерці, —
Магутны дух мацнеў ад роду ў род.
Твая душа, шчыр-думы Твайго сэрца
Расьлі-цьвілі з народу ды ў народ.