Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

БЕЛАРУСЬ.

I.

Ты — летапіс з аповесьцяў вячыстых,
Акроплены сьлязамі дудароў.
Ты — яснацьвет ад водгульляў агністых
Жняёў, касцоў і старцаў-пастыроў.

У залатой кудзелі гучных сьпеваў
Дрыжыць твой бор, сумуе твой гушчар.
Дзед-чараўнік стаіць пад кожным дрэвам,
Балота сьпіць пад вэльмам зорных чар.

Твае лугі сьняць сны аб гуках ночных,
Аб вогнішчах начлежных дзяцюкоў.
Пад гуд віхроў, варожбаў сьвета-змрочных
Тчэ глебны дух абраднасьці вякоў.

Сам Госпад-Бог хадзіў тут па зямліцы,
Усюль зіхцяць-відаць Яго Сьляды.
Па тых сьлядох красуюцца капліцы,
Па тых сьлядох брыдуць у даль Дзяды.

Зышліся тут Ярыла з Божым Сынам,
Сьвятая Маці з Доляю жыве.
Ў цяні дубоў пад старадаўным тынам
Ільля й Лясун расьселіся ў траве.

Тут кожны крок абвеен казкай сівай,
Што ручаёк — жалосных сьпеваў жмут.
Шурпаты пень на лузе, ці на ніве —
Нязнаны дух, або таемны цуд.

Тут воўк — ня воўк, а чалавек закляты,
Тут корч — ня корч, а той-жа селянін,
А бусел-птух — ня птушка, а араты,
Вартуе Дзіў абшар лугоў, далін.