Старонка:Пад родным небам (1922).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— 7 —


Сама, Сама наладзіш сваё веча, —
Разьбілі сталь адгукі вешчых струн,
А хто пачне чыніць тут злыя рэчы. —
Таго заб’е наш волі бог — Пярун.

Сама, Сама адзначыш Свае межы,
Без дапамог няпрошаных дзядзькоў.
Ты забярэш, што да Цябе належа,
Маць-Беларусь, спакон глухіх вякоў!

1922 г.

|}


ПАД НЯВОЛЯЙ.

I.

Шмат коп маладзікоў, лік ветахаў такі
На бірцы векавой адзначана, крывёю.
Ішлі-плылі гады і совалісь вякі,
Аблокам зьдзек вісеў над роднаю зямлёю.

І розныя арлы і розныя крукі
Мянялі сьцягаў цьвет, краіна, над табою.
Гудзеў страшны бізун бязьлітаснай рукі,
Замоўк наш вешчы дух у бою, ці бяз бою.

Як спадчыну для нас тут кожны пан свой сьлед
На глебе пакідаў у выглядзе руінаў.
У вогнішчы, ў крыві купаліся даліны.

Пазьнішчаны лясы. Абшар, як лысы дзед,
І рэчкі высахлі на многа-многа лет,
І жудасьці стаяць над хатай селяніна.

II.

Палонілі ратая гожым, хлусным словам,
Згібалі яго карк цярплівы да зямлі.
Аддаў народ наш моц агідным, ночным совам,
Якія Беларусь, як хмары, абляглі.

На вечна стары лад пад новым зычным зовам
Няведама куды багацьці нашыйшлі.
Народ цярпеў-маўчаў: пад гартаваным ковам
Ён гадаваў свае ад працы мазалі.