Старонка:Організацыя сіл.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Весткі аб зьезьдзе хутка разьнесьліся па ўсёй савецкай тэрыторыі і бурліва ўскалыхнулі бежанскія гушчы к назначанаму тэрміну. 17 ліпня зьехалася з усіх куткоў Расіі звыш 200 чалавек-дэлегатаў. Адчыніўшыся ўрачыста, зьезд цягнуўся пяць дзён і падрабязна абгаварыў бежанскае пы­таньне, пытаньне культурна-асьветнай працы сярод беларускага жыхар­ства, чыннасьць Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту і сучаснае ста­новішча Беларусі. У прынятых рэзолюцыях, па першым пытаньням зьезд выказаў сваю выразна-сьвядомую беларускую позыцыю і гэтым падкресьліў яшчэ раз пасьпешны ўзрост і разьвіцьцё савецкай беларускай гра­мадзкасьці, якой суджана будзе ў неўзабаве стаць на шлях дзяржаў­нага будаваньня свае савецкае краіны.

Разьвіцьцё здарэньняў няўхільна вярнула да гэтага. Там, за мяжою фронту, пад окупацыяй, Рада вяла сваю справу далей. Сказаўшы аз—яна сказала і букі. Ад нясьмелых мізэрных спробаў самастойнай чыннасьці яна мусіла пайсьці па кроках свае ўкраінскае аднайменьніцы—да нямецкага камандаваньня. Абвяшчаць Рэспубліку—адно, а правіць у ёй—другое. Для апошняга мала выбраць сакратарыят, а трэба мець і аружную сілу, каб на што апірацца. Гэтай сілы, як вядома, Беларуская Рада нямела. Фактычна яна была ў вольнай волі гэнэрала Фалькэнгайна, які насьмешліва пазіраў на яе ігру ў салдацікі, якая, вядома, нічога рэальнага ў сэнсе дзяржаўнага будаўніцтва „Незалежнай Беларускай Рэспублікі" не прадстаўляла. Трэба было знайсьці выйсьце. Беларуская Рада бачыла гэта выйсьце ў „хаўрусе" з немцамі. Да іх пакіравалі радныя з просьбамі, проэктамі і плянамі. Але поўнаўласнае ў Беларусі камандаваньне окупацыйным войскам ня было ўсё-ж компэтэнтным зрабіць гэткі адпаведны крок, як утварыць „беларуска-нямецкі хаўрус", ці хоць-бы вырашыць формальна пытаньне з Белару­скаю Рэспублікаю. І Рада, доўга ня думаючы, шагнула праз голаў гэн. Фалькэнгайна, зьвярнуўшыся да самога Вільгэльма, нямецкага кайзэра з вядомай тэлеграмай. Перад тронам тырана пакорліва схіліліся голавы і сяб­роў правае Сацыялістычнае Грамады Партыі Соцыял-Дэмократаў і Беларускае Партыі Соцыялістых Фэдэралістых. Аднак, Вільгельм бязуважна прыняў нечаканую пакору і справа з „хаўрусам" мала пасунулася наперад. Усё-ж з надвор­нага боку гэты гістарычны акт меў вялікшае значэньне ў справе далей­шага паглыбленьня здрадніцкай чыннасьці Беларускае Рады. У кожным разе ён даваў небясьпеку за будучыну окупаванай Беларусі. Магло стацца, што ў любы момант Вільгэльм можа хапіцца за добрую параду радных і папрабаваць зрабіць вопыт „нямецка-беларускага саюзу".

Па колькі можна было папярэдзіць гэткую провокацыю, нельга было адкладваць. Рэзолюцыі протэсту бурліваю хваляю прайшоўшыя па бела­рускай Расіі давалі зразумець, што, апроч Менскае Рады, ёсьць і іншыя прадстаўнічыя ўстановы беларускіх працоўных гушчаў; што гэтыя апош­нія пільна сачаць за разьвіцьцём падзей у захопленай ворагамі радзіне і гатовы ў любы момант заявіць усяму сьвету, што ад іх аднялі яе на час, што ўпарадкаваньне ўлады і будаўніцтва залежыць зусім не ад Менскае Рады. Калі апошняя гатова аддаць Беларусь у прыгон юнкерам, то пра­цоўныя масы будуць змагацца супраціў гэтага, бо яны хочуць мець неза­лежную Савецкую Беларусь. Гэта хаценьне, аб якім мала хто думаў і дбаў, аб якім Рада й не дагадвалася. - патрошку, з малога жаральца, хутка разьлілося ў бурлівую рэчку, абмыўшы сваімі хвалямі мнегалікія бела­рускія працоўныя колы. Ужо ў рэзолюцыях протэсту віцебскіх сялян і бежанцаў мімаходам адзначалася, што будаўніцтва Беларусі павінна быць справай беларускіх працоўных масаў і мусіць ісьці ў напрамку са