Старонка:Організацыя сіл.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гучы момант і бежанскае пытаньне, як выплываючае з першага. Абгава­рыўшы абодва гэтыя пытаньні, сход вынес па першаму з іх наступную рэзолюцыю: „Праслухаўшы прамоўцаў, якія абрысавалі політычнае стано­вішча ў сучасны момант Расійскае Радавае Фэдэратыўнае Рэспублікі, у зьвязку з заняцьцем нямецкімі імпэрыялістамі ваколіц Рэспублікі, у асобку Беларусі, і, бяручы на ўвагу экономічны цяжар дамаганьняў усясьветнай буржуазіі, сход вітае Радавую Уладу за яе барацьбу, як з расійскаю бур­жуазіяй, гэтак сама і з народным ваяўніцтвам, за інтарэсы працоўнага народу, сялян і работнікаў. Утвораная нямецкімі ваяўнікамі-імпэрыялістымі злучка з беларускай буржуазіяй, так называная „Незалежная Беларуская Рэспубліка", ёсьць ня што іншае, як спосаб да экономічнага і палітыч­нага прыгону беларускіх сялян і рабочых, якія прынесьлі нязьлічаныя афяры дзеля заваёваў соцыяльнае рэволюцыі і якія падпадаюць цяперака пад усе жахі таго окупацыйнага парадку, перад якім бляднеюць страхі дзікасьцяў турэцкіх башыбузукаў. Сход протэстуе супроціў прадаўніцкага напрамку дзейнасьці Менскае Рады, якая прагаласіла „Беларускую Не­залежную Рэспубліку“. Цяперашні сход без адлічча партыяў, каб чуў увесь сьвет, заяўляе, што самаскліканая прадаўніцкая рада, якая ня мае нічога супольнага з беларускім працоўным народам, ня мае права казаць ад яго імені нічога, ня мае права таргаваць яго крывёю, яго будучыняю ў Бэрліне і Кіеве;[1] бо воля беларускага працоўнага народу настроена да цеснага яднаньня і братняга злучэньня з усімі велікарасійскімі сяля­намі і рабочымі, з усёю Радаваю Расіяю, якая высока трымае штандар барацьбы за правы і вольнасьці працоўных усіх краёў, усіх народаў. Сход зьвяртаецца з гарачым прызывам да зьяднаньня ўсіх беларусаў у барацьбе за вызваленьне роднае краіны; зьвяртаецца з поклічам да ўсяго працоў­нага народу Расіі і Ўкраіны і ўсіх старонак — пасобіць нацыянальнаму адраджэньню і вызваленьню працоўнае Беларусі, памагчы ёй змагацца з нямецкімі захопнікамі і гвалтаўнікамі, якія нясуць пагібель рэволюцыі і пабудову панства буржуазіі. Далоў заложаную нямецкімі штыхамі „Бела­рускую Незалежную Рэспубліку!“ Няхай жыве братні саюз паміж сяля­намі, рабочымі й салдатамі Беларусі, Расіі, Украіны і ўсіх народаў! Ня­хай жывуць рады рабочых, салдацкіх, і сялянскіх дэпутатаў! Няхай жыве змаганьне за вольнасьць і правы працоўнага народу Беларусі[2].

Як-бы ў дапаўненьне гэтай рэзолюцыі, сход прыняў пастанову аб організацыі беларусаў-бежанцаў праз павятовыя і губэрскія зьезды і праз Усерасійскі зьезд. Скліканьне апошняга было ўзложана сходам на Беларускі Нацыянальны Камісарыят, які хутка й прыступіў да падгатоўчай працы. У № 18 „Дзяньніцы" (ад 7 ліпня) Упяршыню была зьмешчана адозва да ўсіх беларусаў-бежанцаў, павядамляючая аб хуткім скліканьні зьезду, аб пытаньнях, якія мецьмуцца на ім вырашацца і аб модусе прад­стаўніцтва на ім. Сам па сабе гэты зьезд адкрываў шырокі шлях да далейшай організацыі беларускай савецкай думкі, пашыраючы яе ў ся­лянскія гушчы, гэтым падгагаўляючы будучую аснову беларускай дзяр­жаўнасьці. Беларускі нацыянальны камісарыят выяўляў сабе ўсю вялізную значнасьць гэтага зьезду, парашыў як найхутчэй склікаць яго, каб адна­часна з бежанскім пытаньнем пасьвяціць беларускія працоўныя масы ў становішча іх краіны.

  1. Пры міравых перагаворах між Савецкаю уладаю і Скарапацкім—у Кіеў езьдзілі прадстаўнікі Беларускай рады з сваімі дамаганьнямі.
  2. "Дзяньніца" № 17 за 1918 г.