дэлегатаў з кадэтствуючых прадажна-буржўйных асобаў на нараду па замірэньню з немцамі; ад гэтых пасланцоў можна чакаць таго, што і ад Украінскае Рады.[1] Прымаючы ўсё гэта пад увагу, Пецярбурская Організацыя Белар. Соц. Грамады абурана політыкай беларускіх самазванных радаў, рэзка адлучае ад сябе яе сяброў, аб'яўляючы ім бязьлітасную барацьбу, і, зьвяртаючыся да рэволюцыйных рабочых і сялян Белікарасіі і іншых нацыяў, якія жывуць у Расійскай Рэспубліцы, кажа ім голасна: Беларуская Сацыялістычная Грамада настолькі падзяляе нацыянальны рух, наколькі ён ня зрушае еднасьці рэволюцыйнага фронту і пасабляе хутчэйшаму вызваленьню працоўнага люду ад усякіх прыціскаў. Прэч буржуазію і яе ўстановы— Рады. Няхай жыве Савецкая Соцыялістычная Фэдэрацыйная Рэспубліка! Няхай жыве рэволюцыйная соцыялістычная беларуская дэмократыя! Няхай жыве работніча-сялянскі інтэрнацыянал!".
Гэта рэзолюцыя была адказам на першыя крокі чыннасьці менскіх радаў, пачынаючы ад Усебеларускага зьезду да ўваходу ў Менск немцаў.
Далейшая праца незалежнікаў, павёўшая за сабою абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі і перагаворы з нямецкім камандаваньнем аб абвяшчэньні яе незалежнай—аб чым пранікалі весткі праз мяжу окупацыі— падняла цэлую хвалю протэстаў. З нумару ў нумар вестка Беларускага Камісарыяту, газэта „Дзяньніца" не пераставала біць трывогу аб пагражаючым становішчы Беларусі, прызываючы сялян і рабочых к абароне свае краіны.
На яе кліч з розных канцоў незанятае Беларусі і Расіі пачалі адгуквацца беларускія працоўныя гушчы, выказваючы сваю гатоўнасьць змагацца за захопленую Беларусь. На іх сходах, у пастановах і рэзолюцыях, выразна адзначалася глыбокае нацыянальнае пачуцьцё, якое, зьліваючыся ў адно цэлае, прадстаўляла магутны фактар, патрабуючы да сябе належнай увагі. 14 красавіка ў Пецярбурзе, а 21 красавіка ў Маскве адбыліся многалікія зборы бежанцаў, на якіх прадстаўнікі Белар. Камісарыяту, беларускай комуністычнай сэкцыі і левай соцыялістычнай грамады зрабілі даклады аб становішчы Беларусі. Тысячныя масы бежанцаў горача протэставалі супроць яе захопу немцамі і супроць Радаў, якія сваёю чыннасьцю аддавалі краіну ў доўгую няволю нямецкаму капіталу. Сьледам за гэтым пранеслася хваля протэстаў беларусаў-сялян Віцебшчыны. „Мы, грамадзяне Чэрнееўскай вол. Себескага павету Віцебшчыны,—гаворыць адна рэзолюцыя, надасланая ў Беларускі Нацыянальны Камісарыят:—сабраўшыся 7 траўня 1918 году на валасны сход і абгаварыўшы пытаньне ў зьвязку з вырашэньнем і ажыцьцяўленьнем Берасьцейскага замірэньня, пры гэтым аднагалосна пастанавілі: зьвярнуцца ў Беларускі Нацыянальны Камісарыят і ў урад Вялікай Расійскай Фэдэрацыйнай Рэспублікі з протэстам проціў намераў нямецкіх гвалтоўнікаў, якія праз розныя абяцанкі жадаюць абярнуць нас і нашых братоў беларусаў у сваіх нявольнікаў. Мы, беларусы, ня хочам міласьці нямецкіх кулакоў, а жадаем самі вырашаць лёс „Вялікай Роднай Беларусі"[2]. Таксама агульны збор (8 мая) сялян Старасельскай воласьці Віцебскага павету, абгаварыўшы бягучы момант, вынес пастанову, у якой паміж іншым кажа: „Самавызначэньне