Старонка:Організацыя сіл.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чаў сваю працу, а, таксама, была заложана каса ўзаемадапамогі беларус­кіх актыўных працаўнікоў. Усё разам казала, што Беларускі Нацыянальны Камісарыят стае цэнтрам савецка-комуністычнага крыла беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху, што вакол яго сыдуцца ўсе сьцежкі, па якім павінна лінуцца паступовае змаганьне за дасягненьне галоўных мэ­таў перадавых сіл беларускага нацыянальнага руху—мэтаў пабудаваньня Савецкай Беларусі. Пэўна, пэрспэктывы гэтай працы былі дужа нявыразныя, затуманеныя, тым болей, што глеба, якая-бы падавала сьвежыя сокі, ляжала далёка ад месца знахаджэньня Камісарыяту, за высокай сьцяною фронту. Дрэнная політычная сытуацыя ў зьвязку з захапленьнем немцамі Беларусі, падыхала сумам і балюча адбівалася на разгарненьні працы. Паўставалі розныя нечаканыя думкі і дагадкі — наконт далейшага лёсу Беларусі. Многія сымптомы былі вельмі паказны для гэтага. Папершае, перад уступам немцаў у Менск вышла з падпольля Рада Усебеларускага Конгрэсу, якая абвясьціла сябе ўладаю і з дапамогаю беларускае роты салдат заваладала дзён на тры Менскам. Падасьпеўшыя легіёны гэн. Даўбор-Мусьніцкага перанялі фактычную ўладу горадам да сябе. але Рада, выбраўшыся з дому губэрнатара, дзе яна пакрулявала „вялікіх тры дні", ня сышла ў падпольле, а й з прыходам немцаў прадаўжала сваю працу. На пасяджэньні 9 сакавіка Выканаўчы Комітэт Рады выдаў „ІІ Ўстаўную Грамату да народаў Беларусі", у якой, між іншым, гаварылася: „Беларусь у рубяжох расьсяленьня і лічбеннай перавагі беларускага народу абвя­шчаецца Народнаю Рэспублікай. Асноўныя законы яе зацьвердзіць будучы Беларускі Устаноўчы Сойм. Да яго скліканьня заканадаўчая ўлада ў Бе­ларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Ўсебеларускага Зьезду, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў Беларусі... Выка­наўчая і адміністрацыйная ўлада, як і раней, належыць да Народнага Сакратарыяту, які назначаецца Радаю Зьезду і перад ёю нясе адпавядальнасьць". Каб не аставіць „Грамату" суха-акадэмічным дакумэнтам, не­залежнікі праставілі ў ёй і пытаньні, якія цікавілі востра сялянскія гушчы і нацыянальныя меншасьці—гэта пра мову і зямлю. У „ІІ Устаўнай Гра­маце" пісалася пра гэта: „Усе мовы на Беларусі раўнапраўны. Права прыватнай уласнасьці на зямлю касуецца. Зямля пераходзіць бяз выкупу тым, хто самі на ёй працуюць." 19 сакавіка на пасяджэньні Рады быў зацьверджан наказ, якім вызначаўся лічбенны склад Рады з 71 чалавека. А на пасяджэньні чародным, ноччу на 25 сакавіка, Рада прыняла паста­нову аб аб'яўленьні Беларускай Народнай Рэспублікі незалежнай дзяр­жаваю, выдаўшы ІІІ Устаўную Грамату ўжо не ад рады Ўсебеларускага зьезду, а ад Рады Беларускае Народнае Рэспублікі.

Адначасна з актыўнай чыннасьцю Менскай Рады, падавалі аб сабе голас і віленскія незалежнікі. За час нямецкай окупацыі Віленшчыны, пасьля некаторага часу застою, у Вільні згуртаваўся новы крэпкі асяро­дак беларускіх сіл. Пачала выдавацца газэта „Гоман', шмат кніжак, і шырока разьвінулася культурна-асьветная праца. К канцу 1918 году па ўсёй Заходняй Беларусі, захопленай у 1915 годзе немцамі, налічвалася да 300 беларускіх школ. Ад культурнае працы віленцы паступова перай­шлі да працы політычнай. У канцы студзеня ў Вільні адбылася конфэрэнцыя, якая абрала Віленскую Беларускую Раду. Рада зразу прыняла востра-незалежніцкі напрамак, выдаўшы 18 лютага пастанову гэткага зьместу: „Палякі выказваюць захопныя тэндэнцыі на Беларусі; рускія войскі ня далі магчымасьці з'організавацца беларускай арміі і самі кінулі Беларусь безбароннаю; Беларусь мае ў гісторыі доказы магчымасьці не