Старонка:Організацыя сіл.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

якою яны лічылі Беларускі Нацыянальны Камісарыят з яго поліўкаю . У газэтных артыкулах т. т. з Абласнога Комітэту ня скупіліся на моцныя словы і вольныя выказы, сьведчачы гэтым аб безнадзейнасьці для Белнакому пачынаць справу дзяржаўнага будаўніцтва Савецкай Беларусі з гэ­тага боку. На незаслужаныя напады на Беларускі Нацыянальны Каміса­рыят „Звезды" і „Известий М. К. С. Зап. Ком." газэта „Дзяньніца" ў рэзкім артыкуле „Няпрыстойна комуністам!" адказвала так: „Вось ужо на працягу доўгага часу „Известия Н. К. С. Зап. Воб." і „Звезда" нясьціхана вядуць сплетную інтрыжную вайну супроціў Беларускага Нацы­янальнага Камісарыяту і яго аддзяленьняў, накідаючыся на іх з усіх бакоў і чапляючыся да яго бяз усякай прычыны, за няма што. Калі прачытаць іх нападкі, то сорамна неяк становіцца за іх! Ня крыўда, ня злосьць, а проста нейкая няёмкасьць забірае цябе, калі ты бачыш, што расійская дзейнасьць, якая будуецца на закладзінах соцыялізму і рэволюцыйнага разьвіцьця, мае перад сабою гэткія прыкрыя рэчы, як напададнае рэволюцыйнае ўстановы на другую. Хочацца думаць, дый трэба так думаць, што рэдакцыі „Известий И. К. С. Зап. Ком." і „Звезды " або не разь­біраюцца ні ў чым па няведаньню і няяснасьці ўяўленьня сабе задачаў моманту, ці знарочыстая робяць непачэснае дзела—цкаваньне другіх, роў­ных сабе, а мо' й вышэйшых устаноў, і працуючых у іх таварышоў. Бела­рускі Нацыянальны Камісарыят выклікан да жыцьця ходам і разьвіцьцём Вялікае Расійскае Рэволюцыі, якая напісала на сваім штандары і правяла ў жыцьцё прынцып: „Свабоднага самабудаваньня народаў на працоўных закладзінах". Яна выпхнула на паверх жыцьця вышэйшую, раўнапраўную з іншымі інстытуцыямі Фэдэрацыйнай Расійскай Рэспублікі, інстытуцыю і па нацыянальных справах рабочых і сялян розных нацыянальнасьцяў — Народны Камісарыят па справах нацыянальных. Пры гэтым Камісарыяце заложана ўжо цэлых 18 нацыянальных аддзелаў, у тым ліку і беларускі, якія агулам прынесьлі нязьлічаную карысьць для Расійскае Рэволюцыі — што ясна кожнаму шчыраму яе прыхільніку".[1]

Падобныя артыкулы ў „Дзяньніцы" былі скуткам нападнае кампаніі „Известий К. С. Зап. Ком." і „Звезды" на Беларускі Нацыянальны Камісарыят, але яны зьмяшчаліся вельмі рэдка, ужо тады, калі нельга было не адказаць у інтарэсах самой рэволюцыі. Аднак, пасьля адхіленьня Абліскомзапам пропозыцыі Белнакому аб перайменаваньні Заходняй Во­бласьці ў Літоўска-Беларускую політычная сытуацыя ўнутры рэспублікі й пазамежамі была гэткай, што трэ' было больш чыньня, чым слоў. Вакол Камісарыяту стыхійна концэнтраваліся беларускія сілы, у якіх увачавідкі расло жаданьне і імкненьне будаваць Савецкую Беларусь, рабіць захады к Савецкаму Ураду аб пастаноўцы гэтага пытаньня на павестку дня. З окупаванай Беларусі даходзілі весткі аб разлажэньні нямецкае арміі, аб прагным чаканьні працоўнымі беларускімі масамі бальшавікоў. Сам ход разьвіцьця рэволюцыі казаў за тое, каб Савецкая Ўлада пайшла ў вызваленыя нацыянальныя вобласьці з ясна акрэсьле­нымі лёзунгамі нацыянальнай політыкі. Замест розных „незалежніцкіх" рэспублік Радаў і Тарыбаў, працоўнае жыхарства Беларусі, Літвы, Лат­віі мусела атрымаць вольныя Савецкія Рэспублікі, ідэяй, настроем, духам родныя Расійскай Савецкай Рэспубліцы. Інакшага шляху ня было—кожны гэта ведаў.

  1. „Дзяньніца" 25 кастрычніка 1918 г. артыкул: "Няпрыстойна комуністам".