Перайсці да зместу

Старонка:Організацыя сіл.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Яснай была пэрспэктыва і для Беларускага Рацыянальнага Каміса­рыяту. Аставалася напружаньней організаваць сілы. Каб мэтазгодней па­весьці працу ў гэтым напрамку, пры Камісарыяце ў канцы жніўня зала­жылася Беларуская Комуністычная Фракцыя, якая і прыняла на сябе гур­таваньне крэпкага комуністычнага асяродку, так патрэбнага для будучай працы ў вызваленай Беларусі. Побач з гэтым на 30 кастрычніка пры Ка­місарыяце была склікана нарада з адпаведных працаўнікоў Камісарыяту, яго аддзяленьняў і прадстаўнікоў беларускіх комуністычных сэкцыяў. На­рада, адчыніўшыся другога лістапада, мела мэтаю акрэсьленае ў тэлегра­ме, якая была паслана т. Ў. Леніну: „Першая нарада адпаведных пра­цаўнікоў Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту, якая задалася мэтаю сабраць сярод працоўнага жыхарства Беларусі рэальныя сілы для сусьветнай соцыяльнай рэвалюцыі і дыктатуры пралетарыяту, на першым пасяджэньні другога лістападу абрала вас, дарагі Ўладзімер Ільліч, як правадыра су­сьветнай рэволюцыі, сваім ганаровым старшынёю, просячы прыняць гэта абраньне"[1]. Адначасна нарада паслала другую тэлеграму т. Сталіну гэт­кага зьместу: „Першая нарада адпаведных працаўнікоў Беларускага На­цыянальнага Камісарыяту на пасяджэньні другога лістапада абрала Вас ганаровым старшынёю, як сапраўднага выкатчыка клясавага руху нацыя­нальнасьцяў, і просіць заўтра, 3 лістапада, а 12 гадзіне наведаць сваім прысутнічаньнем"[2].

Гэта нарада падрабязгова абгаварыла пытаньні моманту і справу далейшай працы Беларускага Камісарыяту. Яна адмеціла разам з гэтым дадатныя ўмовы для спрыяючага разьвіцьця здарэньняў у бок вырашэнь­ня беларускага дзяржаўнага пытаньня. Няўдача перагавораў т. Лагуна з Абліскомзапам пасьведчыла для нарады ў тым сэнсе, што апошняя мусяла пачынаць справу вырашэньня беларускага пытаньня з цэнтру і па­чынаць, як найхутчэй, каб не адстаць ад разьвіцьця здарэньняў.

Нарада пастанавіла таксама, заснаваць комуністычную сэкцыю пры Маскоўскім Комітэце Р.К.П., увайшоўшы з хадайніцтвам аб гэтым у Ма­скоўскі Комітэт.

Апошні зразу даў згоду на гэта, і 14 лістапада адбыўся організацыйны сход комуністых-беларусаў Масквы, які і выбраў часовае бюро сэкцыі з пяці сябраў і трох кандыдатаў (сябрамі ўвайшлі: З. Жылуновіч, Я. Лагун, А. Усьціновіч, А. Дзедзя і Хрэнаў, а кандыдатамі—З . Чарну­шэвіч, Салтыкаў і Клыс). Гэты вялізнай важнасьці факт зразу мяняў справу далейшага дамаганьня за Савецкую Беларусь, за правільнае вы­рашэньне беларускага нацыянальнага пытаньня. Сэкцыя, хутка вырасшы ў магутную комуністычную організацыю, аднавіла падставіны для працы Нацыянальнага Камісарыяту, прыдаўшы ёй большую рашучасьць і аўта­рытэтнасьць. У Камісарыята знайшлася магчымасьць разьвінуць шырэй агітацыйную чыннасьць, як у Р.С.Ф.С.Р., гэтак, асабліва, і ў Беларусі. Амаль ня што-дня бюро сэкцыі адпраўляла ў окупаваную Беларусь беларусаў-комуністых, якія хутка заснавалі ў Менску беларускую сэкцыю і павялі шырокую працу. Была наладжана цесная сувязь паміж Менскам і Масквою, даючы гэтым праўдзівую орыентыроўку ў працы.

  1. „Дзяньніца" ад 19 лістапада 1918 г.
  2. „Дзяньніца" ад 19 лістапада 1918 г.