Старонка:Організацыя сіл.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

можна, аж да адабраньня апошняга зерня цяпер багата сьпеючай нівы, а затым, выціснуўшы з беларуса апошні сок, на агульным міравым конгрэсе, які ўжо не за гарамі, кіне няшчасную Беларусь у цэпкія рукі аднэй з монархічных дзяржаў. Гэткае становішча нашага роднага краю застаўляе нас, зьвярнуцца да расійскай дэмократыі і прасіць: 1) Каб былі прыняты самыя рашучыя й неадкладныя крокі да ўзмацненьня абароны яшчэ незанятай усходняй часьці Беларусі, каб ня даць Нямеччыне бага­тага ўраджаю і не падчыніць апошнюю жменю беларусаў яе жалезнаму гвалту. 2) Каб была дадзена поўная мажлівасьць і гарантыя неадклад­нага скліканьня другога Усебеларускага Зьезду, на якім сам беларускі народ скажа сваё рашучае слова аб далейшым сваім лёсе. Сход заяўляе, што самачынна ўтвораны ў Менску Ўрад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ён не прызнае і супраціў яго протэстуе. Сход лічыць, што ўся Беларусь, па духу свайго беларускага працоўнага народу, па свайму гістарычнаму мінуламу і па ходзе Вялікае Расійскае Рэволюцыі—зьяў­ляецца неаддзельнай часткаю Расійскае Фэдэрацыйнае Рэспублікі, у якую яна павінна ўвайсьці, як аўтономнае, дзяржаўнае цэлае. Сход заяўляе, што ў мэтах абароны Беларусі і яе натуральнага самавызначэньня, у мэтах утварэньня агульна-расійскага Фэдэрацыйнага Саюзу, ён гатоў аддаць сябе ў распараджэньне тых колаў, якія возьмуць на сябе абарону адраджаючайся і самавызначаючайся Роднай Вольнай Беларусі. Сход таксама протэстуе супроціў агульнага імкненьня Нямеччыны навязваць працоўным народам окупаваных частак Расіі монархічны і буржуйны лад, адкідаючы культуру народаў і іх вызваленьне на цэлыя стагодзьдзі назад".

Бежанскі зьезд, прадстаўляючы сабою тысячныя грамады беларускага сялянства, раскіданага па вялікіх абшарах Велікарасіі, запакутаванага дашчэнту ўдалёку ад радзімы, яшчэ рашучай паставіў кропкі над літарай і. У рэзолюцыі аб сучасным становішчы Беларусі ён выразна выказаўся за „вольную работніча-сялянскую Беларусь". „Ўсерасійскі зьезд бежанцаў-беларусаў—гаворыць рэзолюцыя зьезду: „азнаёміўшыся падра­бязна з тым палажэньнем, якое цяпер маецца ў нашай роднай старонцы, парашыў прызнаць, што з гэткім палажэньнем ніякім чынам нельга зга­дзіцца. Вось там, у Менску, залажылася нейкае, так празыванае "Беларускае Правіцельства", якім кіруюць памешчыкі-палякі: Р. Скірмунт, Хржонстоўскі, Лянкоўскі і іх прыслужнікі, розныя хлусна-соцыялістыя. Гэты ўрад, нібы-та стараецца дастаць для нашае старонкі незалежнасьць, сапраўды-ж праз гэту незалежнасьць мерыцца ўвясьці ў нашай краіне скінуты царскі парадак і аддаць яе на абіраньне нямецкаму ваяўніцтву й буржуазіі. Пры гэткім парадку, калі яго дапусьціць зрабіць беларускі працоўны народ—ён ня будзе мець ні зямлі, ні волі і не дастане ні ка­пейкі за зьнішчанае вайною сваё дабро. Беларускі працоўны народ, побач з другімі, дамагаўшыся зямлі і волі і дастаўшы яе праз вялікую Расій­скую рэволюцыю, ніколі ня згодзіцца нанава падпадаць пад цяжкі пры­гон памешчыкаў і капіталістых. Прычасьціўшыся волі, ён, як адзін чала­век, сумее паўстаць і адагнаць са свае краіны сваіх ворагаў і прыгнятацеляў. Толькі ў змаганьні—свабода! Усім-жа тым апякуном Беларусі, якія выпадкам, для сваіх выгад, спыніліся на ёй і стараюцца прывесьці яе не да незалежнасьці, а да самага страшнага прыгону, якога і дзяды ня ведалі і ня зносілі, скажа:„ Вон з нашага краю, паганыя злыдні! Дэмократычны беларускі народ досыць ужо нацярпеўся на працягу гісторыі і ад польскіх паноў, і ад расійскіх чыноўнікаў і цяпер хоча быць воль­ным і шчасьлівым". А гэта воля і шчасьце будуць з ім толькі тады,