Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тут у Вільні ўжо не магу пісаць. Ня хочацца, калі душа рвецца ў Менск. Там ужо скончу…

КОСТУСЬ (перад тым быў вышаўшы на мамэнт у свой пакой, цяпер варочаецца з рукавіцамі). Ну, браток, хацеў-бы я табе хоць чым-колечы дапамагчы, але голы як бізун… прайграўся… сам ведаеш…

ВАСІЛЬ. Костусь! Я й так узяў у цябе больш чымся маю валасоў на галаве.

КОСТУСЬ. Гэта нічога… Вось вазьмі на дарогу гэтые рукавіцы… Цяпер зіма, сьцюжа, зьмерзьнеш, — у рукавіцах цяплей…

ВАСІЛЬ. Ха-ха! вось і абдарылі мяне чым хто мог: Багдзевіч — боты, ты — рукавіцы, а Ядзька грошы… а што ўсяго мне даражэй, Ядзенька, гэта тое, што ты зацікавілася лёсам мае драмы… Ах, вы! вы! (напалову сьмяецца, напалову плача, цалуе Ядзьку, пасьля Костуся). Якіе вы ўсе добрые!.. Аднак страшна! Зіма, фронт, няведамая дарога… (Закрывае вочы рукамі).

ЯДЗЬКА. Васілёк! А можа ляпей ня йдзі! Вось можа, Бог дасьць, хутка кончыцца вайна, тады зажывем добра і бяз гэтага Менску…

ВАСІЛЬ. О не!! гэтага не кажы. Ісьці трэба!.. Вось памажы мне прывязаць на плечы клумак — ужо пара, цяпер дні кароткіе, спаймае мяне ў дарозе ноч. (Ядзька і Костусь памагаюць прычапіць клумак. Ядзька дастае застаўшыеся грошы, дае знак Костусю, каб той маўчаў і суне іх у клумак). Што ты там робіш? Нашто разьвязваеш ?

ЯДЗЬКА. Маўчы, ня круціся, я зараз…

ВАСІЛЬ. Ах, нашто ты!.. Калі далібог… ня трэба…

ЯДЗЬКА. Ну, Васілёк! прашу! Такая падарожа, а ты бяз грошай…