Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КОСТУСЬ. Ну, дык бывай здароў (выходзіць).

ВАСІЛЬ. Бывай!

Зьява 5.

ВАСІЛЬ (адзін). (Сядае, закрывае вочы рукамі; пасьля гавора). Памятаю!.. ўсё памятаю! Зьява за зьявай праходзяць перад маімі вачыма… Вось я на гэтым затрымаўся:

Паклікала мяне тут вашых душ туга,
Паклікаў тут мяне сардэчны вашы боль,
І я ляцеў да вас, сьпяшаўся, як мага.
На гарфяных струнах іграе боль Эоль,
А я хачу крануць струны няшчасных душ,
Хачу, каб кожны з вас харошы быў і дуж,
Каб сьмела запеяў гімн радасны жыцьця.

Гэта добра сказана: каб сьмела запеяў гімн радасны жыцьця! (Сядае, шпарка піша, пасьля раптам кідае пяро).

Менск! Менск! Ерузалім ты мой! Ці ты каменьнямі б’ш сваіх прарокаў, ці спатыкаеш іх разцьвіўшымі галінамі?.. Ерузалім ты мой! бачу цябе!.. (як у экстазе). Горад шуміць… вуліцы заліты хвалямі сьвету… грыміць музыка…

Бачу! бачу!!. рэфлекторы й рампы кідаюць яркі сьвет на сцэну. У тэатральнай залі цёмна, ціша… Дых ува ўсіх грудзёх устрымаўся: чакаюць разьвязкі… І вось фінал! Заслона паляцела ўніз, тысячы далоняў пачалі пляскаць, сарвалося нейкае выцьцё, як шум бурлівага мора — гэта з тысячных вуснаў ляціць кліч: аўтор!.. аўтор!

Чую!.. чую!.. а выцьцё натоўпу расьце: аўтор, аўтор!..