Зьява 6.
ВАСІЛЬ і ЯДЗЬКА.
ВАСІЛЬ. А! гэта ты!.. (прытамнее). А, вось добра, Ядзенька, што ты ўжо прыйшла… Нам трэба пагутарыць аб аднэй важнай справе… Быў тут нядаўна Багдзевіч… Казаў, што ў Менску… Ну, адным словам, мне трэба зьбірацца ў Менск… Важная справа… Трэба занесьці пісьмы — і, апрача таго, мая драма… Я там пастаўлю на сцэне сваю драму… (паўза). Ну, але што-ж ты маўчыш?.. Што з табой? Чаму ты гэткая? Чаму маўчыш?!.
ЯДЗЬКА (ня вытрымаўшы, з плачам апускаецца на крэсла). Дзіця памёрла… Альфонсік сягоньня ў прытулку памёр… (плача, плач аблягчае яе мукі).
ВАСІЛЬ (уздрыгнуўшы ад гэтай весткі). Памёр!.. (Пасьля скора супакоіваецца і падыходзіць да Ядзі). Ядзенька! бедненкая!.. Ціханька! ціха! ня плач! Ядзенька!
ЯДЗЬКА. Мая віна! Ня трэба было… у прытулак!.. Тут-бы ён не захварэў… я-бы дагледзіла… Там — у чужых… (ізноў плача цяжкім плачам маці, ўтраціўшай дзіця).
ВАСІЛЬ. Ніхто не вінаваты… Ціханька, Ядзенька, ціха…
ЯДЗЬКА. І твая ў гэтым віна, і твая, і мая… На што было ў прытулак…
ВАСІЛЬ. Ціха, ціха…
Заслона.