ці там у тваёй душы на самым дне няма затоенага хаценьня разам з пачаткам новага жыцьця ў Менску парваць усе ніці, якія зьвязваюць цябе… з мінулым?..
ВАСІЛЬ (глядзяць адзін аднаму ў вочы). Ты дзіўна ўмееш чытаць у маёй душы. Таіць ня буду: гэтае хаценьне ёсьць, але я ў гэтым не вінаваты, гэта без мае волі, і я ніколі гэтага не зраблю, я так яе не пакіну, я буду прысылаць ёй грошы, апрача таго — ты чуў? — Багдзевіч абяцаўся памагаць; пасьля, як скончыцца вайна, яна прыедзе да мяне ў Менск — і зажывём пановаму.
КОСТУСЬ. А калі-б яна… захацела з табой растацца?
ВАСІЛЬ. Яна? Не, ніколі… Гэта ня здарыцца…
КОСТУСЬ. Ты гэтакі пэўны?
ВАСІЛЬ. Ну але, але!..
КОСТУСЬ. Ну, а калі-б гэтак было, ты-б ня меў да яе ніякай пратэнсіі?
ВАСІЛЬ. Ну, ведама, што не. Я сам першы не пакіну яе з дзіцянём, але калі-б яна захацела са мной растацца — дык вольнаму воля… Нічога не парадзіш…
КОСТУСЬ. Васілёк! Скажы праўду: ня любіш ты свае жонкі?
ВАСІЛЬ. Ах, нашто ты гвалтам урываешся ў самую глыб маей душы? Гэта такое пытаньне, на якое я сам сабе ня даў яшчэ адказу, а ты хочаш, каб я адказваў табе.
КОСТУСЬ. На бойся глянуць праўдзе ў вочы. Ты-ж рад, што вольнай птушкай паляціш туды, дзе цябе чакае слава, работа, сытасьць?
ВАСІЛЬ. Але… Усё гэтае дасюляшняе жыцьцё, усе гэтые спрэчкі, нязгоды гэтак мяне змучылі, што я рад пажыць цяпер адзін — вольны, сам сабе пан…