Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КОСТУСЬ. А! вось, куды мы заехалі!.. Гэта ўсё робіцца, значыцца, для пасьмяротнага памятніка? Ха-ха-ха…

ВАСІЛЬ. Ну? чаго сьмяешся? А калі-б навет і так? Ад лёсу свайго трэба вымагаць многа. Бо калі твае лятуценьні не палятуць далей поўнай міскі стравы, дык лёс нічога больш, апрача дзіравых ботаў і латаных парткоў табе ня дасьць, і навет пасьля сьмерці застанецца табе імя галадранца.

КОСТУСЬ. Ну, але конкрэтна: куды-ж ты йдзеш? Ты кідаеш багатую культуру, якая сотні гадоў разьвівалася і хочаш ісьці туды, дзе людзі навет імя сваё запомнілі… Наш народ яшчэ аб сабе нічога не сказаў.

ВАСІЛЬ. Стой, чакай, браток! Што скажа сьвету наш, збудзіўшыся ад векавога сну, народ, гэтага ня ведаеш ані ты, ані я… Я веру ў адраджэньне свайго народу, як сярэднявяковые рыцары, ішоўшые ў крыжавы паход, верылі ў справядлівасьць свае справы. Я веру — а вера робіць цуды. Народ наш праз шмат гадоў аддаваў свае лепшые сілы на службу чужынцам, узбагачваючы гэтак чужые культуры, але, калі ён пачне жыць сам для сябе, тады ў хуткім часе багата закрасуецца наша культура… Быў час, калі беларускіх адраджэнцаў была толькі малюсенькая жменька, але яны верылі ў сваю справу і стаўся цуд!.. Цяпер — грамада!.. Але чаго-ж ты ізноў сьмяешся? Усялякіе новые клічы кідаюць у народ ня масы, а паадзінокіе людзі, — масы толькі пасьля йдуць за імі. Але дзеля гэтага трэба мець веру ў сваю ідэю — і ўскалыхнеш народ!

КОСТУСЬ. Дзіця ты! Выгадаванае ў гарадзкіх сьценах дзіця! Ты ня ведаеш народу, ніколі ты ня быў на вёсцы. Ідзі на вёску, глянь! Папробуй там казаць аб Беларусі, аб бацькаўшчыне — усе падумаюць, што ты з глузду зьехаў. І ніколі не даб’ешся