Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВАСІЛЬ. Э, чорт з ёй! няхай іграе! Няхай — як кажа поэт — іграе, пакуль ня трэсьне, каб аж вушы драла, каб так заіграла, каб зямля скакакала!.. Але, пачакай, браток! — датычна твайго „так“ і „не“ ты ня зусім справядліва кажаш. О, не! Хто лепш можа ведаць, якіе крутые ўсходы вядуць ад „так“ да „не“, — такіе, што галаву можна скруціць. Ты думаеш, што мне да майго „так“, да маей праўды, лёгка было дайсьці? бяз болю? О, не! Бацькі ад калыскі вучылі мяне чужацкай мовы, школа вучыла мяне любіць чужую культуру, гэтакіе тыпы, як ты, сьмяяліся з маіх сумлеўкаў, з маіх духоўных мук, шмат дзён, многа бязсонных ночаў прышлося біцца галавой, аб сьценку, каб рашыць балючае пытаньне. Цяжка было, ох, як цяжка кінуць усё тое, чым ты быў узгадаваны, тое, з чым ужо зжыўся, як з уласным, назваць усё гэта чужым і вярнуцца да прымітываў. Ты думаеш, што лёгка церабіць новы шлях, гдзе спогаду так мала, а толькі чутно злостны хіхот начніц?

КОСТУСЬ. Але нашто церабіць гэты «новы шлях»? Нашто выбівацца над шэрую масу ціхіх людзей? Няўжо-ж не ляпей, зачыніўшы пэрлы сваей душы на крэпкі замок, кінуцца на хвалю жыцьця і — плыць туды, гдзе большасьць? Нашто лобам біцца аб сьцяну?

ВАСІЛЬ. Калі-б усе людзі думалі так, як ты, дык жыцьцё замёрла-бы, навет зямля перастала-б круціцца. Калі-б Колюмб плыў туды, гдзе большасьць, дык не адкрыў-бы Амэрыкі, Магамэт, калі-б цябе паслухаўся, не стварыў-бы новай рэлігіі, Шварц, калі-б жыў паводле твае рэцэпты, дык-бы ня выдумаў пораху… Хто хоча нешта пакінуць новым пакаленьням, хай плыве проціў цячэньня!.. Сягоньня нас аплёўваюць сьмехам і абкідаюць каменьнямі, а пасьля сьмерці будуць ставіць нам памятнікі…