Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўжо тоўпіліся словы, абразы другой, пяро не пасьпявала за думкамі, — а цяпер раптам абарвалася!.. Я ня ведаю, чаму гэта? Мусі гэтые цяперашніе умовы майго жыцьця гэтак мяне настройваюць… Ах, Божа! Ведаеш, Костусь, мне здаецца, каб я так мог заняцца толькі аднэй сваей работай, а не разрываўся на часткі, каб ня трэба было бязупынна думаць аб штодзенным куску хлеба, аб малаку для дзіцяці — вось тады-б пісаў!.. (З лятуценьнем): Раніцай устаеш з ложка, а тут для цябе ўсё гатова. Даюць табе салодкую каву з булачкамі, — пасьнедаў, пасьля закурыў добрую папіросу, сеў за працу, аб абедзе ня трэ’ клапаціцца, прыйшла пара і цябе клічуць на, гатовы ўжо, сытны абед… Вось тады-б пісаў!..

КОСТУСЬ. Хто ведае… можа-б ты ў гэтакіх абставінах нічога-б не напісаў!

ВАСІЛЬ. Не! брэшаш! усё роўна пісаў-бы! Дзеля чаго я пішу? Я чую патрэбу, мне хочацца паказаць людзём, што ў мяне накіпела ў душы. І апроч таго я веру, што пяром сваім я прынясу карысьць нашай справе.

КОСТУСЬ (ірон.). Справе? — нашто гэта? Каму гэта патрэбна?

ВАСІЛЬ. Э, кіньма лепш! Мы гэтулькі ўжо разоў гутарылі аб гэтым і ніколі ня можам згадзіцца. Дык навошта-ж спрачацца без патрэбы?

КОСТУСЬ. Бо ў цябе ўсё гэтак проста, ясна, выразна: або так, або не, калі ня чорнае, дык белае. Ты браток, забываешся, што паміж „так“ і „не“ ёсьць цэлые пераходные ўсходы сумлеўкаў, што між чорным і белым ёсьць цэлая гама шэрых тонаў. Ты сьмела выстаўляеш сваю душу на паказ, а ёсьць душы, як далікатная йскрыпка, якую якійсь дурны дравасек можа цюкнуць сякерай і скалечыць яе на заўсёды. І ёсьць людзі, якіе хаваюць сваю душу ў футляр, каб іншые бруднымі сваймі лапамі не чапалі яе.