ВАСІЛЬ. А так… нічога сабе. Шчыпецца за нос.
ЯДЗЬКА (апранаецца і выходзіць). Я мабыць хутка вярнуся. Доўга там не засіджуся.
Зьява 5.
ВАСІЛЬ (адзін).
ВАСІЛЬ (нейкі час піша, пасьля чытае з пафосам):
Вы бачыце? Народ ўжо ня сьпіць,
Да новага жыцьця ён косьці распрастаў,
Няволі кайданы ўжо разьбіваць пачаў,
Бо так, як іншые, свабодна хоча жыць…
(кідае пяро і рукапіс). Не! гэта заслаба, чорт!.. Ня так! Я чую, што ня гэтак, а вось так як трэба, не патраплю… „Няволі ланцугі ўжо разьбіваць пачаў…“ — ну што з гэтага! Гэта ўсё ужо старое, ўжо ўсім надаела! Трэба новых слоў; крэпкіх, як удар малата па кавадлу, трэба каб кожнае слова будзіла магутны одгук, тварыла новае жыцьцё!.. Э, чорт! сягоньня неяк ня клеіцца (устае і падыходзіць да калыскі). Але, браток! Але, Юрачка! Як вырасьцеш, будзеш мо’ сьмяяцца з бацькаўскіх твораў, яны пакажуцца табе наіўнымі ды слабымі, але, сынок, выбачай, мы людзі маленькіе, мы тодькі першые ластаўкі нашага разцьвету, мы як той гной, на якім закрасуецца з часам багатае жыта…
Зьява 6.
ВАСІЛЬ і КОСТУСЬ.
Уваходзіць Костусь. Глядзіць з лёгкай іроніяй на Васіля.
КОСТУСЬ. Ха-ха-ха! Настрайваеш свайго сына на беларускі лад? А опозыцыю супакаіваеш бутэлькай з малаком?